Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/04/02/ru_1038166_1038172/
Дата раздрукоўкі: 11.05.2021 20:31
02.04.2020 17:52 Грамадства

Больш за 70 тыс. чалавек падпісаліся пад петыцыяй з патрабаваннем увесці каранцін у Беларусі

Мінск, 2 красавіка. Больш як 71 тыс. чалавек падпісаліся пад петыцыяй з патрабаваннем увесці ў Беларусі каранцін з-за каранавіруса. Петыцыя была створаная 1 красавіка на сайце change.org і адрасаваная Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

"Увесь свет знаходзіцца ў страшным становішчы з-за галоўнай праблемы 2020 года — COVID-19. Ён забірае жыццё тысяч людзей па ўсім свеце, штодня людзі заражаюцца ўсё больш і больш. У большасці краін свету даўно прынятыя неабходныя меры па спыненні распаўсюджвання каранавіруса. На жаль, у Рэспубліцы Беларусь адбываецца поўнае ігнараванне хваробы і няправільнае інфармаванне жыхароў. Паводле афіцыйных дадзеных, заражаных каранавірусам 150 чалавек (на дату стварэння петыцыі. — БелаПАН.), у рэальнасці іх больш за 1.000. Многім заражаным ставяць дыягназ пнеўманія, каб не псаваць статыстыку, не наводзіць паніку. Урачы працуюць на знос, не хапае абсталявання, не хапае апаратаў ШВЛ. І гэта ўсё абавязкова прывядзе да жудасных наступстваў, калі мы, як заўсёды, прамаўчым", — гаворыцца ў петыцыі.

На думку яе стваральнікаў, дзяржава "абсалютна не шануе чалавечае жыццё". "Мы ходзім у школу, універсітэт, на працу. Мы ездзім у грамадскім транспарце, ходзім па крамах і думаем, што 150 чалавек — гэта мала. На самай справе вірус распаўсюджваецца з велізарнай хуткасцю, і, каб прадухіліць жудасныя наступствы, мы ўсе павінны заставацца дома, нашы родныя павінны заставацца дома", — адзначаецца ў петыцыі.

"Гэтая петыцыя як крык душы. Нам тэрмінова трэба ўвесці каранцін. Мы патрабуем каранцін. Мы хочам жыць!" — пішуць аўтары звароту.

2 красавіка Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю прадстаўніцтву тэлерадыёкампаніі "Мир" у Беларусі яшчэ раз выказаў меркаванне, што ў краіне няма падстаў уводзіць каранцін. "І дай бог, каб гэтай сітуацыі ў нас не было", — заявіў ён.

Лукашэнка паўтарыў свой тэзіс пра тое, што масавая ізаляцыя ў кватэрах, наадварот, можа спрыяць пагаршэнню стану для ўжо інфікаваных гэтым ці іншым вірусам. "Гэта не праблема. Мы за суткі нейтралізуем горад (калі гэта спатрэбіцца). Але чаго гэта будзе каштаваць і колькі будзе тады смерцяў? Мы ўжо потым будзем выхопліваць з кватэр людзей, якія будуць цяжкія, і адразу іх на штучную вентыляцыю лёгкіх. І што, мы выратуем гэтых людзей? Таму не трэба глупствам займацца. Нас жа заўсёды вучылі: трэба, каб праветранае памяшканне было, на свежым паветры і іншае", — сказаў афіцыйны лідар.

"Калі ўжо прыйдзе такі момант, калі нам трэба дзесьці тушыць пажар, мы яго будзем тушыць. І прытым значна больш эфектыўна, чым літоўскі прэзідэнт (Гітанас Наўседа. — БелаПАН.). Ён заклапаціўся пра беларускі вірус... Сваім вірусам займіся, у цябе там куча пытанняў. Ён яшчэ папракае, што, напэўна, беларусы не пра ўсё інфармуюць", — заявіў Лукашэнка.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239