Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/04/03/ru_1038272_123/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 04:07
03.04.2020 13:50 Грамадства

Школьныя канікулы, хутчэй за ўсё, будуць працягнутыя (абноўлена)

Мінск, 3 красавіка. Школьныя канікулы, хутчэй за ўсё, працягнуць на тыдзень, паведаміў журналістам Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка падчас рабочай паездкі ў Смалявіцкі раён Мінскай вобласці.

"Я ў гэтай сітуацыі сам знаходжуся як бацька, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — І я лічу, што патрабаванні працягнуць канікулы з боку бацькоў, медыцыны — гэта няправільна. Але калісьці я сказаў, што мы не будзем панаваць над бацькамі. Гэта іх дзеці, іх жыццё. І як яны прымуць рашэнне ў гэтым каранапсіхозе, так і будзе. Таму я катэгарычна супраць, я не згодны, што трэба дзіця выключыць з дзіцячага садка ці школы, падоўжыўшы вакацыі. Але калі паабяцаў, што будзе так, як просяць бацькі, так і будзе".

Паводле слоў Лукашэнкі, трэба ацаніць "патэнцыйную напаўняльнасць класаў", бо няма сэнсу праводзіць заняткі, калі шмат якіх навучэнцаў няма. "Хочуць, каб мы працягнулі канікулы, заўтра мне даложыць па гэтым пытанні міністр адукацыі, — сказаў ён. — У нас ёсць рэзервовы тыдзень: мы праграму такім чынам сціснулі, што, можа быць, і працягваць навучальны год не будзем. У нас няма тут асаблівай напружанасці".

"Сітуацыя суцішылася. Калі яны пабудуць тыдзень дома, страху не будзе. Заўтра-паслязаўтра мною будзе прынятае адпаведнае рашэнне. Хутчэй за ўсё, мы працягнем на тыдзень вакацыі. Выключна таму, што гэтага хочуць бацькі і не ўсе адпускаюць дзяцей у школу ў гэты перыяд. Я разумею бацькоў. Тут здаровы чалавек без дзяцей захварэе ад таго, што адбываецца вакол", — дадаў Лукашэнка.

Інфармацыя аб змене тэрмінаў вясновых канікул з`явілася яшчэ ў сярэдзіне мінулага месяца. 17 сакавіка некалькі чалавек, чые дзеці вучацца ў розных школах і гімназіях Мінска, паведамілі БелаПАН, што іх апавясцілі аб пераносе пачатку вясновых канікул на тыдзень раней, на 23 сакавіка. Звесткі зыходзілі ад класных кіраўнікоў і прадстаўнікоў школьнай адміністрацыі. Міністэрства адукацыі спачатку не каментавала гэтую інфармацыю, але праз некалькі гадзін дало абвяржэнне.

19 сакавіка на нарадзе па эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне Лукашэнка выступіў супраць каранціну ў школах і пераносу канікул. "Калі бацькі баяцца — не адпраўляйце дзяцей у школу, мы не забараняем", — сказаў ён. Калі ў школах абвясціць канікулы, гэта толькі абвострыць сітуацыю, бо дзеці, якія могуць пераносіць каранавірус (іх імунітэт спраўляецца з інфекцыяй), паедуць да бабуль, а пажылыя людзі, наадварот, знаходзяцца ў групе рызыкі, растлумачыў Лукашэнка. "Мы ж загубім старых! Таму не трэба нічога рабіць. Устаноўлена з 30 сакавіка канікулы — будзе з 30-га. У нас што, у школах праблемы? Няма праблем. А калі мы яшчэ навучым дзяцей, бацькоў, настаўнікаў, тэхнічак своечасова мыць рукі і дэзынфікаваць, маску надзяваць, наогул будзе добра. Грамадства ўжо пачало да гэтага прывыкаць. Навошта мы робім усякія агіднасці і непатрэбныя дзеянні там, дзе ў іх няма неабходнасці", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239