Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/04/03/ru_1038318_123/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 03:56
03.04.2020 17:37 Грамадства

Колькасць пацверджаных у Беларусі выпадкаў COVID-19 дасягнула 351 (дапоўнена)

Мінск, 3 красавіка. Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 на 3 красавіка ў Беларусі дасягнула 351, паведаміла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

"Асноўная ўзроставая група, у якой рэгіструюцца выпадкі каранавіруса, — ад 25 да 64 гадоў. У гэтым узроставым дыяпазоне рэгіструюцца каля 50% усіх выпадкаў COVID-19", — сказала яна.

Эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне паддаецца прагназаванню і развіваецца паступальна, запэўніла Карабан. Яна адзначыла, што асноўныя меры, якія дазволяць стрымаць распаўсюджванне інфекцыі, — сацыяльнае дыстанцыяванне і самаізаляцыя.

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан заявіла, што прынятыя ў Беларусі з 20-х чыслаў студзеня меры далі магчымасць прадухіліць сотні выпадкаў захворвання каранавіруснай інфекцыяй штодня. "Калі б не меры, прынятыя па пошуку пацыентаў з каранавірусам, іх кантактаў, а таксама па іх шпіталізацыі і правядзенні супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў на ўсёй тэрыторыі краіны, то сёння мы б мелі 840 выпадкаў на дзень і нічым бы не адрозніваліся ад бліжэйшых дзяржаў, — заявіла яна. — Ні адна суседняя краіна такія захады не рабіла, не шпіталізоўваліся ўсе выяўленыя кантакты першага ўзроўню, кантакты другога ўзроўню пры наяўнасці вострых рэспіраторных захворванняў".

Асобна намеснік міністра спынілася на выяўленні каранавіруснай інфекцыі ў Віцебскай вобласці. "За мінулыя суткі ў вобласці з падазрэннем на COVID-19 паступілі 25 чалавек. З іх толькі ў чатырох пацверджаны дыягназ "каранавірусная інфекцыя". 15 чалавек шпіталізаваныя як кантакты першага ўзроўню, астатнія з'яўляюцца кантактамі другога ўзроўню. Выпісана з лячэбных устаноў Віцебска 33 чалавекі", — распавяла яна.

Усяго ў Віцебскай вобласці ў бальніцы трапілі 269 пацыентаў, шпіталізацыя якіх звязаная з каранавіруснай інфекцыяй, працягнула Богдан. З іх кантакты першага ўзроўню — 188, другога — 19 чалавек.

Богдан дадала, што група спецыялістаў на чале з міністрам Уладзімірам Каранікам па распараджэнні кіраўніка дзяржавы правяла маніторынг усіх устаноў аховы здароўя Віцебска. Праверылі работу ўсіх устаноў аховы здароўя, пратэставалі ўсе пнеўманіі, змененая лагістыка працы лекараў усіх узроўняў.

Намеснік міністра адзначыла, што беларускія медыкі вучацца на замежным вопыце і на сёння ў міністэрстве прыняты шэраг загадаў. Так з 2 красавіка акрамя цяжкіх выпадкаў пнеўманіі на каранавірус пачалі тыпаваць выпадкі захворвання на пнеўманіі сярэдняй ступені цяжару. "На 8-ю раніцы 3 красавіка ў Беларусі былі ў наяўнасці 10.640 тэстаў на каранавірусную інфекцыю. У найбліжэйшыя дні чакаецца пастаўка яшчэ 10 тысяч тэстаў. Цяпер праводзяцца клінічныя выпрабаванні трох тэст-сістэм беларускай вытворчасці і адной экспрэс-сістэмы. Таму тэстаў у нас дастаткова", — сказала Богдан.

Таксама прааналізаванае выяўленне каранавіруснай інфекцыі ў пацыентаў, якія адносяцца да кантактаў першага і другога ўзроўню, працягнула яна. 3 красавіка Уладзімір Каранік прыняў рашэнне аб шпіталізацыі і тэставанні на каранавірус кантактаў другога ўзроўню пры развіцці ў іх вострых рэспіраторных захворванняў. Пры атрыманні адмоўнага выніку і адсутнасці пагаршэння стану здароўя яны будуць выпісаныя і працягнуць лячэнне дома. Акрамя таго, высветлена, што ў пацыентаў — кантактаў першага ўзроўню — захворванне праяўляецца на другі-пяты дзень пасля заражэння. Таму на шостыя-сёмыя суткі ім будзе праводзіцца тэст на каранавірус. Пры атрыманні адмоўнага выніку пацыент будзе выпісаны дадому з рэкамендацыяй выконваць меры самаізаляцыі да 14 дзён, сказала Богдан.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239