Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/04/05/ru_1038460_1038461/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 03:58
05.04.2020 12:00 Грамадства

Прынятае рашэнне аб працягу школьных канікул (дапоўнена)

Мінск, 5 красавіка. Тэрміны вясновых канікул працягваюцца на шэсць дзён, з 6 па 11 красавіка ўключна, паведаміла Міністэрства адукацыі ў сваім тэлеграм-канале. "Адукацыйны працэс у чацвёртай чвэрці будзе ажыццяўляцца з 13.04.2020 па 30.05.2020", — гаворыцца ў паведамленні.

Пра тое, што школьныя канікулы, хутчэй за ўсё, працягнуць на тыдзень, паведаміў журналістам Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка падчас рабочай паездкі ў Смалявіцкі раён. "Я ў гэтай сітуацыі сам знаходжуся як бацька, — сказаў ён. — І я лічу, што патрабаванні працягнуць канікулы з боку бацькоў, медыцыны — гэта няправільна. Але калісьці я сказаў, што мы не будзем панаваць над бацькамі. Гэта іх дзеці, іх жыццё. І як яны прымуць рашэнне ў гэтым каранапсіхозе, так і будзе. Таму я катэгарычна супраць, я не згодны, што трэба дзіця забраць з дзіцячага садка ці школы, працягнуўшы канікулы. Але калі паабяцаў, што будзе так, як просяць бацькі, так і будзе".

Паводле слоў Лукашэнкі, трэба ацаніць "патэнцыйную напаўняльнасць класаў", бо няма сэнсу праводзіць заняткі, калі многіх навучэнцаў няма. "Хочуць, каб мы працягнулі канікулы, заўтра мне даложыць па гэтым пытанні міністр адукацыі, — сказаў ён. — У нас ёсць рэзервовы тыдзень: мы праграму такім чынам сціснулі, што, можа быць, і працягваць навучальны год не будзем. У нас няма тут асаблівай напружанасці".

"Сітуацыя суцішылася. Калі яны пабудуць тыдзень дома, страху не будзе. Заўтра-паслязаўтра мною будзе прынятае адпаведнае рашэнне. Хутчэй за ўсё, мы працягнем на тыдзень канікулы. Выключна таму, што гэтага хочуць бацькі і не ўсе адпускаюць дзяцей у школу ў гэты перыяд. Я разумею бацькоў. Тут здаровы чалавек без дзяцей захварэе ад таго, што адбываецца вакол", — дадаў Лукашэнка.

Інфармацыя аб змене тэрмінаў вясновых канікул з'явілася яшчэ ў сярэдзіне мінулага месяца. 17 сакавіка некалькі чалавек, чые дзеці вучацца ў розных школах і гімназіях Мінска, паведамілі БелаПАН, што іх апавясцілі аб пераносе пачатку вясновых канікул на тыдзень раней, на 23 сакавіка. Звесткі зыходзілі ад класных кіраўнікоў і прадстаўнікоў школьнай адміністрацыі. Міністэрства адукацыі спачатку не каментавала гэтую інфармацыю, але праз некалькі гадзін дало абвяржэнне, а праз два дні на нарадзе па эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне Лукашэнка выступіў супраць каранціну ў школах і пераносу канікул.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, на 4 красавіка ў Беларусі зарэгістравана пяць смерцяў ад каранавіруса COVID-19, агульная колькасць выпадкаў заражэння дасягнула 440. На стацыянарным лячэнні знаходзіцца 394 чалавекі з каранавірусам. "У часткі пацыентаў захворванне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме. Пасля праходжання лячэння ачуняў 41 чалавек", — паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле дадзеных на 3 красавіка ў краіне быў пацверджаны 351 выпадак каранавіруса COVID-19.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239