Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/04/06/ru_1038525_123/
Дата раздрукоўкі: 11.05.2021 20:38
06.04.2020 12:19 Грамадства

У сувязі з пандэміяй COVID-19 Беларуская антыядзерная кампанія заклікае адмяніць запланаваны на 2020 год пуск БелАЭС

Мінск, 6 красавіка. Беларуская антыядзерная кампанія (БАЯК) выступіла з заявай, у якой заклікала ўлады адмяніць запланаваны на 2020 год пуск Астравецкай АЭС у сувязі з пандэміяй COVID-19.

"Мы лічым, што ўмовы пандэміі COVID-19, а менавіта закрытыя межы і дзейны каранцін у Расійскай Федэрацыі і суседніх краінах, а таксама ЕС, рост выпадкаў COVID-19 у Беларусі і звязаная з гэтым патэнцыйная магчымасць заражэння работнікаў БелАЭС разам са спадарожнымі праблемамі рэалізацыі праекта БелАЭС значна павялічаць радыяцыйныя рызыкі пуску гэтай электрастанцыі", — гаворыцца ў заяве.

БАЯК адзначае, што "пусканаладачныя работы першага энергаблока павінны праводзіцца расійскімі спецыялістамі, бо падрадчыкам будаўніцтва з'яўляецца расійская дзяржкарпарацыя "Расатам" і ў Беларусі няма сваіх спецыялістаў, якія маглі б цалкам замяніць расійскіх калег".

"Зачыненыя межы і павышаная з-за пандэміі небяспека для здароўя і жыцця персаналу ствараюць дадатковыя і сур'ёзныя рызыкі бяспецы АЭС, звязаныя з чалавечым фактарам і лагістыкай, уключаючы транспарціроўку паліва з Расіі. Нагадаем, што ў перыяд пуску атамных электрастанцый рызыка радыяцыйнай аварыі павышаная", — адзначаюць прадстаўнікі БАЯК.

Яны таксама лічаць, што "пандэмія COVID-19 значна ўскладняе прыняцце мер па вырашэнні праблем бяспекі праекта АЭС-2006, якія былі рэкамендаваныя Беларусі ў выніку еўрапейскіх стрэс-тэстаў БелАЭС".

Акрамя таго, ва ўмовах пандэміі становіцца "немагчымым прыняцце адэкватных мер надзвычайнага рэагавання па абароне насельніцтва (такіх як эвакуацыя) у выпадку радыяцыйнай аварыі, уключаючы трансгранічную".

"Прагназуецца, што пандэмія COVID-19 прывядзе да эканамічнай рэцэсіі ў 2020 годзе ў Беларусі і ў свеце ў цэлым. Гэта яшчэ адзін фактар, які ўскладняе пуск БелАЭС, бо ён можа істотна паўплываць на рэзервовыя магутнасці і рынкі збыту электраэнергіі", — мяркуе БАЯК.

"Няма рашэння і праблемы адпрацаванага ядзернага паліва (АЯП) БелАЭС. Для яго сухога захоўвання на тэрыторыі АЭС не прадугледжана адпаведнай пляцоўкі. Няма магутнасцяў для захоўвання і перапрацоўкі АЯП і ў Расіі, і наўрад ці можна чакаць, што ва ўмовах пандэміі гэтыя магутнасці пачнуць праектаваць і будаваць", — гаворыцца ў заяве.

БАЯК заклікае ўлады Беларусі "цвяроза ацаніць сітуацыю і адкласці пуск БелАЭС" і заяўляе пра намер "звярнуцца ў міжнародныя арганізацыі, у прыватнасці ў МАГАТЭ, з просьбай паспрыяць у гэтым пытанні".

Антыядзерная кампанія нагадвае, што "праект БелАЭС рэалізуецца з шэрагам праблем — гэта парушэнні заканадаўства, уключаючы міжнароднае, фактычны пачатак будаўніцтва рэактарнага будынка першага энергаблока пры адсутнасці зацверджанай праектнай дакументацыі; шэраг здарэнняў, уключаючы падзенне з вышыні і ўдар аб чыгуначны слуп карпусоў рэактара і шэраг іншых".

"Акрамя таго, БелАЭС будуецца ў вельмі непразрыстых умовах на ўсіх узроўнях, таму мы бачым толькі верх айсберга — вялікая частка парушэнняў схаваная ад грамадскасці", — адзначаецца ў заяве.

БАЯК — кампанія, у якой удзельнічаюць грамадскае аб'яднанне "Экадом", Беларуская партыя "Зялёныя", ініцыятыва "Астравецкая атамная — гэта злачынства", рух "Навукоўцы за бяз'ядзерную Беларусь", іншыя арганізацыі, актывісты і эксперты. Асноўная мэта кампаніі — бяз'ядзернае развіццё Беларусі і суседніх з ёй тэрыторый. БАЯК назірае за будаўніцтвам БелАЭС і вядзе яго незалежную экспертную ацэнку з 2009 года.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239