Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/04/06/ru_1038538_123/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 03:52
06.04.2020 11:38 Грамадства

Міністэрства аховы здароўя: Ад COVID-19 у Беларусі памерлі 13 чалавек

Мінск, 6 красавіка. У Беларусі на 6 красавіка зарэгістравана 13 смерцяў ад каранавіруснай інфекцыі COVID-19, агульная колькасць выпадкаў заражэння дасягнула 700, вынікае з паведамлення ў афіцыйным тэлеграм-канале Міністэрства аховы здароўя.

На стацыянарным лячэнні знаходзяцца 634 чалавекі. Асноўная частка — асобы першага кантакту, якія былі выяўленыя падчас эпідрасследаванняў і на момант тэставання знаходзіліся ў стацыянарах. У большай часткі пацыентаў захворванне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме.

Пасля праходжання лячэння паправіліся 53 чалавекі. Усяго за апошнія двое сутак з медустаноў выпісана 355 пацыентаў, якія знаходзіліся на розных формах кантролю і лячэнні, гаворыцца ў паведамленні.

"Зарэгістравана 13 выпадкаў смерці пацыентаў, у якіх шматлікія хранічныя захворванні былі абцяжараныя каранавіруснай інфекцыяй", — адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя.

На 5 красавіка ў краіне было зарэгістравана восем смерцяў ад каранавіруса, колькасць агульных выпадкаў заражэння — 562.

Усяго ў Беларусі ўжо праведзена больш за 40 тыс. тэстаў на каранавірус, для гэтага задзейнічана 13 лабараторый.

На прэс-канферэнцыі ў Мінску 3 красавіка намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан запэўніла, што эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне развіваецца прагназавана і паступальна. Яна адзначыла, што асноўныя меры, якія дазволяць стрымаць распаўсюджванне інфекцыі, — сацыяльнае дыстанцыяванне і самаізаляцыя.

7 красавіка ў Беларусь прыбудзе місія экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя для маніторынгу сітуацыі з каранавірусам. У Мінск прыедуць тры эксперты, яны ацэняць працу беларускіх медыкаў. Місія СААЗ будзе знаходзіцца ў краіне да канца будучага тыдня. Спецыялісты наведаюць бальніцы і вывучаць дакументацыю Міністэрства аховы здароўя. Акрамя таго, у Капенгагене сабраная каманда экспертаў СААЗ, якая будзе ў анлайн-рэжыме дапамагаць прадстаўнікам арганізацыі ў Мінску.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239