Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/04/07/ru_1038661_1038662/
Дата раздрукоўкі: 11.05.2021 19:39
07.04.2020 12:39 Грамадства

Праваабаронцы ініцыявалі збор подпісаў за ўвядзенне каранціну ў беларускіх школах

Мінск, 7 красавіка. Праваабаронцы закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" ініцыявалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам аб увядзенні каранціну ў агульнаадукацыйных школах Беларусі. Як паведамляе сайт spring96.org, праз тры дні петыцыя будзе накіраваная ў Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя.

"Мы, грамадзяне рэспублікі, лічым неабходным увесці каранцін у агульнаадукацыйных школах Рэспублiкi Беларусь з магчымасцямі дыстанцыйнага навучання для вучняў да канца навучальнага года, — гаворыцца ў звароце, размешчаным на сайце petitions.by. — На дадзены момант эпідэмія каранавіруса ў Рэспубліцы Беларусь уяўляе пагрозу для здароўя і жыцця нашых дзяцей, таму мы лічым за лепшае прытрымлівацца правілаў перасцярогі. Увядзенне каранціну з магчымасцямі дыстанцыйнага навучання для вучняў сярэдніх школ дазволіць значна скараціць рызыкі распаўсюду вірусных захворванняў".

Аўтары звароту адзначаюць, што ўкараненне дыстанцыйнага навучання паменшыць нагрузку на настаўнікаў і значна палепшыць якасць адукацыйнага працэсу, паколькі ў сітуацыі, калі частка навучэнцаў наведваюць школу, а частка — на дыстанцыйным навучанні, гэта значна ўскладняе працу настаўнікаў.

На 12.00 7 красавіка петыцыю падпісалі 440 чалавек.

У канцы мінулага тыдня ў Беларусі было прынята рашэнне працягнуць школьныя вясновыя канікулы на шэсць дзён, з 6 па 11 красавіка ўключна. У каментары журналістам Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Я ў гэтай сітуацыі сам знаходжуся як бацька. І я лічу, што патрабаванні працягнуць канікулы з боку бацькоў, медыцыны — гэта няправільна. Але калісьці я сказаў, што мы не будзем панаваць над бацькамі. Гэта іх дзеці, іх жыццё. І як яны прымуць рашэнне ў гэтым каранапсіхозе, так і будзе. Таму я катэгарычна супраць, я не згодны, што трэба дзіця забраць з дзіцячага садка ці школы, працягнуўшы канікулы. Але калі паабяцаў, што будзе так, як просяць бацькі, так і будзе".

Як раней паведамляў БелаПАН, яшчэ адна петыцыя — з патрабаваннем увесці ў Беларусі каранцін — накіраваная ў Сусветную арганізацыю аховы здароўя (СААЗ). За шэсць дзён яе падпісалі 150 тысяч чалавек.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239