Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/04/10/ru_1039147_1039148/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 04:23
10.04.2020 12:57 Грамадства

Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 дасягнула 1.981

Мінск, 10 красавіка. Колькасць пацверджаных у Беларусі выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 дасягнула 1.981. У бальніцах знаходзяцца 1.793 пацыенты, 19 чалавек памерлі, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Паводле дадзеных на раніцу 9 красавіка агульная колькасць хворых на каранавірус у Беларусі складала 1.486 чалавек, быў шпіталізаваны 1.331 чалавек. Такім чынам, за суткі агульная колькасць пацверджаных выпадкаў інфікавання вырасла на 495 (рост на 33,3%). Агульная колькасць ахвяр павялічылася на тры чалавекі — днём раней было 16.

Міністэрства аховы здароўя звяртае ўвагу, што павелічэнне колькасці хворых на COVID-19 "паступальнае і кантраляванае". Большасць выпадкаў — гэта выяўленыя кантакты першага і другога ўзроўняў.

Як правіла, захворванне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме. Разам з тым 72 пацыенты маюць патрэбу ў падтрымцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, ім праведзены медыцынскія кансіліумы з удзелам вядучых інфекцыяністаў і анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў.

Пасля праходжання лячэння ачунялі 169 чалавек.

"Памерла 19 з хранічнымі захворваннямі з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй", — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле разлікаў Міністэрства аховы здароўя, на пік захворвання каранавірусам Беларусь выйдзе ў канцы красавіка — пачатку мая. Пра гэта паведаміў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік напярэдадні ў Палаце прадстаўнікоў. "У нас ёсць методыка прагназавання і план дзеянняў пры розных варыянтах. Мы спадзяемся, што на пік захворвання мы выйдзем у канцы красавіка — пачатку мая", — сказаў ён. Пакуль, дадаў міністр, колькасць хворых будзе павялічвацца. "Яны будуць, таму што на сённяшні момант захворванне развіваецца. Наша задача — каб яно развівалася не па экспаненце, а больш плаўна мы выходзілі на пік. Але лічбы будуць павялічвацца, таму што эпідэміі не спыняюцца па пстрычцы", — сказаў Каранік.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239