Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/04/10/ru_1039162_588745/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 03:09
10.04.2020 14:06 Грамадства, Фінансы

На дабрачынныя рахункі Міністэрства аховы здароўя для барацьбы з каранавірусам паступіла амаль 4 млн рублёў і больш за 78 тыс. еўра

Мінск, 10 красавіка. Амаль 4 млн рублёў і больш за 78 тыс. еўра пералічаныя для барацьбы з каранавірусам на дабрачынныя рахункі Рэспубліканскага цэнтра арганізацыі медыцынскага рэагавання Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

"На 09.00 раніцы 10 красавіка 2020 года на іх паступіла ўсяго: 1) 3.937.777 рублёў і 2) 78.461 euro. З іх на рахунак (у бел. руб.) паступіла 221.831 рубель ад фізічных асоб (з іх па сістэме АРІП пералічана 92.635 рублёў)", — гаворыцца ў паведамленні тэлеграм-канала Міністэрства аховы здароўя.

Сярод найбуйнейшых дарыльшчыкаў, якія пералічылі сродкі на рахунак у беларускіх рублях, — Беларускі саюз жанчын, Беларускі прафсаюз работнікаў аховы здароўя, прыватныя кампаніі і прадпрыемствы. "Сярод фізічных асоб таксама ёсць дабрачынцы. Калі яны дазволяць нам назваць іх — на наступным брыфінгу мы гэта зробім! — адзначаецца ў паведамленні. — Усяго на сённяшні дзень пералічылі спонсарскую дапамогу 1.310 фізічных асоб і 210 юрыдычных асоб. Адзначым, што на валютны рахунак пералічылі ахвяраванні 9 замежных фізічных асоб і 2 юрыдычныя асобы".

За кошт гэтых сродкаў для ўстаноў аховы здароўя краіны ўжо набыта: экраны ахоўныя стаматалагічныя — 4.000 штук (на 59.300 рублёў), камбінезоны медыцынскія — 100.000 штук (на 948.000 рублёў), наборы рэагентаў для выяўлення COVID-19 — 2.000 (на 364.339 рублёў), паўмаскі фільтравальныя супрацьаэразольныя — 20.000 штук (на 72.000 рублёў).

"Атрымальнікі спонсарскай дабрачыннай дапамогі медыцынскім абсталяваннем на суму 87.600 рублёў: Віцебскі абласны клінічны спецыялізаваны цэнтр — 50 пульсаксіметраў, 10 канцэнтратаў кіслародных, Барысаўская бальніца № 2 — 25 пульсаксіметраў, 5 канцэнтратаў кіслародных, 6-я ГКБ Мінска — 25 пульсаксіметраў, 5 канцэнтратаў кіслародных. Выдзелена таксама 334.336 рублёў спонсарскай дапамогі РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі на вырабленне набораў рэагентаў для выяўлення COVID-19", — гаворыцца ў паведамленні.

Міністэрства аховы здароўя адкрыла дабрачынныя рахункі 24 сакавіка. "Мы вітаем падтрымку грамадства і зможам выкарыстоўваць дабрачынную дапамогу ў мэтах закупкі абсталявання для лабараторнай дыягностыкі COVID-19, дыягнастычных набораў, сродкаў засцярогі, лекавых прэпаратаў, а таксама на аказанне дапамогі хворым", — заявіла прэс-служба міністэрства.

Згодна са звесткамі на 10 красавіка, колькасць пацверджаных у Беларусі выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 дасягнула 1.981. У бальніцах знаходзяцца 1.793 пацыенты, 19 чалавек памерлі.

На раніцу 9 красавіка агульная колькасць тых, хто заразіўся каранавірусам, у краіне складала 1.486 чалавек, быў шпіталізаваны 1.331 чалавек. Такім чынам, за суткі агульная колькасць пацверджаных выпадкаў інфікавання вырасла на 495 (рост на 33,3%). Агульная колькасць ахвяр павялічылася на тры чалавекі — днём раней было 16.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239