Католікі, грэка-католікі і пратэстанты святкуюць Вялікдзень

Католікі, грэка-католікі і значная частка пратэстантаў адзначаюць найстаражытнейшае і найважнейшае хрысціянскае свята — Уваскрэсенне Хрыстова, альбо Вялікдзень.

Напярэдадні ўвечары ва ўсіх каталіцкіх касцёлах, грэка-каталіцкіх капліцах і пратэстанцкіх малітоўных дамах Беларусі прайшлі святочныя набажэнствы. У пастырскім пасланні да вернікаў і ўсіх людзей добрай волі старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што Вялікдзень з`яўляецца святам веры і надзеі на вечнае жыццё. «Гэтая праўда з’яўляецца галоўным пасланнем свята Уваскрасення Хрыста, — падкрэсліў каталіцкі іерарх. — Пра яе мы, хрысціяне, павінны заўсёды памятаць і ёю жыць. Яе актуальнасць падкрэслівае таксама і выкліканая пандэміяй каранавіруса сітуацыя, у якой Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца промнем надзеі, нават насуперак надзеі. Як Езус выйшаў жывым з цёмнай магілы, гэтак і мы верым, што дзякуючы Богу, намаганням лекараў і адказных за грамадскі парадак, якім мы бязмерна ўдзячныя за іх ахвярнае служэнне, таксама зможам паспяхова выйсці з цемры эпідэміі, якая ахінула зямлю, у святло жыцця». Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што перад «перспектывай будучыні, якую адкрывае праўда Уваскрасення», неабходна засяродзіцца «на некаторых тэндэнцыях жыцця сучаснага чалавека». Паводле яго слоў, матэрыяльныя каштоўнасці, дух спажывальніцтва, задавальненні і прасоўванне па кар’ернай лесвіцы цяпер «з’яўляюцца галоўнымі крытэрыямі паспяховасці сучаснага чалавека». «Касцёл не супраць таго, каб чалавек жыў годна, і шмат робіць для таго, каб свет развіваўся згодна з прынцыпамі сацыяльнай справядлівасці, — зазначыў ён. — Аднак імкненне да ўзбагачэння любым коштам, можа, нават ідучы па касцях іншых людзей, і абагаўленне матэрыяльных каштоўнасцяў не згоднае з маральнымі нормамі хрысціянства». Вялікую заклапочанасць касцёла выклікае «адыход ад традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў і выбар амаральнага стылю жыцця». «Укараняецца секулярызм і вельмі небяспечны маральны рэлятывізм, які не прызнае абсалютнай праўды і ўсё лічыць адносным. Прапагандуецца неабмежаваная свабода без маральнай адказнасці. Такі шлях вядзе да размывання сапраўдных каштоўнасцяў і ўсёдазволенасці», — растлумачыў арцыбіскуп. Вялікай праблемай, паводле яго слоў, з’яўляецца «заняпад духоўнага жыцця, найперш малітвы». Сучасны чалавек «настолькі заняты часовымі справамі, што не мае часу маліцца». «Няхай Уваскрослы Езус адорыць нас надзеяй перад выклікам эпідэміі каранавіруса. Яна паказвае, што мікраскапічны, нябачны вірус здольны перавярнуць сучасны, моцна адукаваны, высокатэхналагічны і ўзброены да зубоў свет з ног на галаву. Чалавек, які ўяўляе сябе «богам», яшчэ раз убачыў, што такім не з’яўляецца. Таму наша адзіная надзея ў Божай міласэрнасці, якая найбольш дасканала праявілася ў пасхальнай таямніцы. Няхай Езус — пераможца злога духа, граху і смерці — падтрымлівае намаганні лекараў і службаў грамадскага парадку, каб мы маглі выйсці пераможцамі з гэтай складанай сітуацыі», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй і трыма дыяцэзіямі — Віцебскай, Гродзенскай і Пінскай. Паводле статыстычных звестак за 2013—2016 гады, апублікаваных на партале касцёла, да каталіцкай веры сябе адносяць больш за 1,4 млн грамадзян краіны. Сярод іх прыблізна 10 тыс. грэка-католікаў. Колькасць пратэстантаў у Беларусі ацэньваецца, паводле розных звестак, ад 200 тысяч да 500 тысяч.

Вам также могут понравиться