Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/04/15/ru_1039724_541287/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2020 23:48
15.04.2020 14:19 Грамадства

Колькасць выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 3.728, памерла 36 чалавек

Мінск, 15 красавіка. Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 3.728, памерла 36 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

На раніцу 14 красавіка агульная колькасць тых, хто заразіўся каранавіруснай інфекцыяй, складала 3.281. Такім чынам, за суткі агульная колькасць пацверджаных выпадкаў інфікавання вырасла на 447 (рост на 13,6%). Колькасць ахвяр павялічылася на тры (днём раней было 33 памерлых, да гэтага — 29).

Пра колькасць вылечаных і шпіталізаваных Міністэрства аховы здароўя зноў не паведаміла.

У інфікаваных захворванне, як правіла, працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме, адзначаюць у міністэрстве. Разам з тым 68 пацыентаў маюць патрэбу ў падтрымцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Праведзена 76 тысяч тэстаў на каранавірус, у тэставанні задзейнічаныя 24 лабараторыі.

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан 12 красавіка ў эфіры праграмы "Тыдзень" тэлеканала СТВ адзначыла, што рост колькасці інфікаваных — прагназаваны і чаканы. "І як бы нам ні хацелася, каб гэтага росту не было, усё роўна вопыт іншых краін паказвае, што захворванне будзе павялічваць свае тэмпы", — сказала яна. На сёння рост захварэлых складае 300—400 чалавек за дзень, дадала Богдан.

Паводле яе слоў, больш за 50% усіх захварэлых на COVID-19 складаюць так званыя кантакты першага ўзроўню. "У нас ужо ідзе папуляцыйная перадача віруса, а не толькі ад тых людзей, якія заехалі і якіх мы адразу ізалявалі", — падкрэсліла намеснік міністра.

Богдан нагадала, што Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне не шпіталізаваць кантакты першага ўзроўню. Распрацоўваецца "нарматыўны дакумент, які дазволіць грамадзянам з бессімптомным ці лёгкім цячэннем каранавіруснай інфекцыі пры ўмове магчымасці поўнай самаізаляцыі знаходзіцца дома".

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239