Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/04/30/ru_1041241_1041242/
Дата раздрукоўкі: 12.06.2021 21:28
30.04.2020 11:28 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Ні капейкі з замежнай дапамогі не павінна быць патрачана на дэструктыўную дзейнасць

Мінск, 30 красавіка. "Выкарыстанне бязвыплатнай дапамогі з-за мяжы павінна быць пад самым жорсткім кантролем", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 красавіка на нарадзе па пытаннях паступлення і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі.

"Мы бачым актывізацыю нашых заходніх партнёраў — розных фондаў і асацыяцый па фінансаванні так званых гуманітарных праектаў, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Маю пазіцыю вы ведаеце. Ні капейкі не павінна быць патрачана на дэструктыўную дзейнасць унутры краіны".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, на нараду вынесеныя пытанні, звязаныя з выдзяленнем Беларусі замежнай бязвыплатнай дапамогі, а таксама магчымай карэкціроўкі дзейнага парадку яе рэгістрацыі. "Упраўленне справамі і Адміністрацыя прэзідэнта падрыхтавалі адпаведныя прапановы, — сказаў Лукашэнка. — У мэтах зніжэння нагрузкі на бюджэт па маім даручэнні ў 2018 годзе ўрад сумесна з Упраўленнем справамі зацвердзіў комплекс мер па прыцягненні дапамогі".

Ён адзначыў, што рэалізацыя гэтых мер ужо дала вынік — пазначыўся пэўны рост такіх фінансавых паступленняў з-за мяжы. Толькі за апошнія тры гады іх агульны аб`ём склаў каля 240 млн долараў.

Такі парадак жорсткага размеркавання гуманітарнай дапамогі з`явіўся пасля таго, калі было заўважана, што яна ідзе далёка не на сацыяльныя мэты, растлумачыў Лукашэнка.

"На гуманітарнай дапамозе ў свой час вырасла наша так званая апазіцыя, жыла нядрэнна, фактычна яе дзейнасць, антыдзяржаўная, асабліва ў той час, фінансавалася з-за мяжы па лініі гуманітарнай дапамогі. Я палічыў, што гэта няправільна, калі палітычную дзейнасць фінансуюць з-за мяжы спонсары па лініі гуманітарнай дапамогі, і ўстанавіў пэўны парадак. Сумленны і адкрыты. Калі гэта гуманітарная дапамога і яна ідзе на пэўныя мэты, да прыкладу, ахову здароўя, фізкультуру і спорт, здароўе людзей, чарнобыльскія праекты, — усё да капейкі павінна паступіць чарнобыльцам, спартсменам, хворым людзям, я маю на ўвазе ахову здароўя", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь, паводле яго слоў, адкрытая для фінансавання, накіраванага на сацыяльныя мэты, да прыкладу, на ліквідацыю наступстваў катастрофы на ЧАЭС, аказанне медыцынскай дапамогі, падтрымку малазабяспечаных грамадзян, інвалідаў, пенсіянераў, дзяцей. "Мы гатовыя даць рознага роду падатковыя льготы і прэферэнцыі. Але сродкі павінны даходзіць да канкрэтнага атрымальніка, а не растварацца па дарозе", — падкрэсліў Лукашэнка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239