Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/07/ru_1041957_1041958/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 01:22
07.05.2020 16:49 Грамадства, Палітыка

Прадстаўнік СААЗ: Урады, якія вырашылі перанесці парады, паставілі здароўе людзей на першае месца

Мінск, 7 мая. "Урады, якія прынялі храбрае рашэнне адкласці або перанесці парады, паставілі здароўе [людзей] на першае месца", — заявіў кіраўнік Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ханс Клюге 7 мая падчас анлайн-брыфінгу.

"Наперадзе ў нас вельмі важны дзень — Дзень Перамогі, 9 Мая, — сказаў ён. — Мы ў рэгіянальным офісе з вялікай павагай ставімся да гэтай даты. Але цяпер час для таго, каб знайсці альтэрнатыўныя рашэнні для святкавання і не рызыкаваць чалавечымі жыццямі".

Клюге адзначыў, што 43 краіны ў еўрапейскім рэгіёне ўвялі лакальныя абмежавальныя меры або поўны каранцін для барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса. Правядзенне масавых мерапрыемстваў цяпер можа справакаваць новую хвалю захворвання.

Прадстаўнік СААЗ таксама заявіў: "Сітуацыя ва ўсходняй частцы рэгіёну па-ранейшаму выклікае занепакоенасць. У Беларусі, Казахстане, Расійскай Федэрацыі і ва Украіне колькасць новых выпадкаў узрасла за апошні тыдзень".

Як раней паведамляў БелаПАН, у Мінску 9 мая адбудзецца ваенны парад у гонар Дня Перамогі. Рашэнне аб яго правядзенні было прынята 3 мая на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. "Мы не можам адмяніць парад, проста не можам, — заявіў ён. — Я доўга над гэтым думаў. Вядома, гэта эмацыйная, гэта глыбока ідэалагічная рэч. Гэта вельмі важна. Трэба памятаць, што тыя людзі паміралі, можа быць, і ад вірусаў, можа быць, паміралі і ад іншых хвароб. Але яны гэтага не адчувалі часам і пра гэта не думалі. І паміралі яны дзеля нас, як бы гэта пафасна ні гучала. І падумайце, што скажуць людзі. Можа, не адразу — праз дзень, праз два пасля гэтага. Скажуць, што спалохаліся".

"Пры гэтым я хачу папярэдзіць арганізатараў, што, калі вось гэта прапанова сёння будзе прынята, нікога цягнуць на гэта мерапрыемства не трэба. Не хочуць, берагуць здароўе — мы гэта зразумеем", — сказаў Лукашэнка.

СААЗ выказала занепакоенасць рашэннем беларускіх уладаў правесці парад. "Мы вельмі занепакоеныя магчымымі негатыўнымі наступствамі правядзення такога масавага мерапрыемства ў перыяд эпідэміі, — заявіў 4 мая БелаПАН афіцыйны прадстаўнік арганізацыі ў Беларусі Батыр Бердыклычаў. — Асаблівае хваляванне выклікае магчымы ўдзел у гэтым мерапрыемстве людзей сталага ўзросту, сярод якіх адзначаецца цяжкае цячэнне захворвання і высокі ўзровень смяротнасці ад COVID-19".

Бердыклычаў нагадаў адну з рэкамендацый СААЗ па выніках красавіцкага візіту ў Беларусь місіі экспертаў: узмацненне мер фізічнага дыстанцыявання, у прыватнасці перанос або адмена масавых спартыўных, культурных, палітычных і рэлігійных мерапрыемстваў.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на 7 мая ў Беларусі зарэгістравана 20.168 пацверджаных выпадкаў COVID-19, ачуняла і выпісана 5.067 пацыентаў, 116 чалавек памерла.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239