Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/09/ru_1042163_123/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 09:02
09.05.2020 12:28 Грамадства, Палітыка

Лукашэнка пра парад: Мы проста не маглі іначай, у нас не было выбару

Мінск, 9 мая. Беларусь не можа і падумаць пра тое, каб здрадзіць традыцыям, якія ўслаўляюць гісторыю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы ваенны парад 9 мая ў Мінску ў гонар 75-й гадавіны Перамогі.

"Гэтае свята для нас найвялікшае, — сказаў ён. — Трагедыя беларускага народа, які вынес на плячах тытанічны груз страт і разбурэнняў самай жорсткай вайны XX стагоддзя, несувымерная ні з якімі цяжкасцямі цяперашняга дня. Нават думка здрадзіць традыцыям, якія вось ужо 75 гадоў услаўляюць гісторыю вялікага подзвігу пераможцаў, для нас недапушчальная".

Аднак, паводле яго слоў, "у гэтым звар'яцелым свеце, што страціў арыенціры, знойдуцца людзі", якія асуджаюць Беларусь "за месца і час правядзення гэтага святога дзейства". "Хачу ім сказаць па-чалавечы: не спяшайцеся рабіць высновы, а тым больш асуджаць нас — нашчадкаў перамогі, беларусаў, — заявіў Лукашэнка. — Мы проста не маглі інакш. У нас не было іншага выбару, а калі і быў бы, мы паступілі б гэтак жа. Таму што на нас глядзяць вочы загінулых за нашу свабоду савецкіх салдат, вочы закатаваных у засценках гестапа партызан і падпольшчыкаў, вочы старых, жанчын і дзяцей Хатыні. Яны вельмі хацелі жыць, але памерлі, каб жылі мы. Сучасная Беларусь — гэта помнік той страшнай вайне, загінулым, закатаваным і спаленым. Жывая памяць і жывы помнік".

"І хай у гэтым годзе ваенны парад у Мінску стане адзіным на постсавецкай прасторы, ён пройдзе ў гонар усіх савецкіх воінаў, якія вызвалілі свет ад нацызму", — дадаў кіраўнік дзяржавы ў сваім выступе на парадзе, трансляцыю якога вялі беларускія тэлеканалы.

Рашэнне правесці ў Мінску ваенны парад было прынятае 3 мая на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. "Мы не можам адмяніць парад, проста не можам, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Я доўга над гэтым думаў. Вядома, гэта эмацыйная, гэта глыбока ідэалагічная рэч. Гэта вельмі важна. Трэба памятаць, што тыя людзі паміралі, можа быць, і ад вірусаў, можа быць, паміралі і ад іншых хвароб. Але яны гэтага не адчувалі часам і пра гэта не думалі. І паміралі яны дзеля нас, як бы гэта пафасна ні гучала. І падумайце, што скажуць людзі. Можа, не адразу — праз дзень, праз два пасля гэтага. Скажуць, што спалохаліся".

"Пры гэтым я хачу папярэдзіць арганізатараў, што, калі вось гэта прапанова сёння будзе прынята, нікога цягнуць на гэта мерапрыемства не трэба. Не хочуць, берагуць здароўе — мы гэта зразумеем", — дадаў Лукашэнка.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя выказала занепакоенасць рашэннем беларускіх уладаў правесці парад. "Мы вельмі занепакоеныя магчымымі негатыўнымі наступствамі правядзення такога масавага мерапрыемства ў перыяд эпідэміі, — заявіў 4 мая БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў. — Асаблівае хваляванне выклікае магчымы ўдзел у гэтым мерапрыемстве людзей сталага ўзросту, сярод якіх адзначаецца цяжкае цячэнне захворвання і высокі ўзровень смяротнасці ад COVID-19".

Бердыклычаў нагадаў адну з рэкамендацый СААЗ па выніках красавіцкага візіту ў Беларусь місіі экспертаў — узмацненне мер фізічнага дыстанцыявання, у прыватнасці перанос або адмена масавых спартыўных, культурных, палітычных і рэлігійных мерапрыемстваў.

"Зборы вялікай колькасці людзей, пры якіх немагчыма забяспечыць дыстанцыю паміж людзьмі ў 1,5—2 метры, павышаюць рызыку перадачы віруса і спрыяюць далейшаму распаўсюджванню эпідэміі", — сказаў Бердыклычаў. У той жа час ён падкрэсліў, што рашэнне адносна выканання рэкамендацый СААЗ з'яўляецца прэрагатывай урада краіны.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на 8 мая ў Беларусі пацверджаны 21.101 выпадак каранавіруснай інфекцыі COVID-19, паправіліся і выпісаныя 5.484 пацыенты, памёр 121 чалавек.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239