Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/10/ru_1042214_542545/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 04:02
10.05.2020 11:51 Грамадства

Пасля ўчарашніх затрыманняў у Бабруйску невядомае месцазнаходжанне магілёўскага журналіста Алеся Асіпцова

Мінск, 10 мая. Пасля затрыманняў 9 мая ў Бабруйску (Магілёўская вобласць) невядомае месцазнаходжанне магілёўскага журналіста Алеся Асіпцова.

"Спрабуем высветліць, што з ім (паводле ранейшай інфармацыі, амаль усіх затрыманых адпусцілі), але пакуль беспаспяхова, — напісаў у "Фэйсбуку" старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец. — У РАУС і ДАІ кажуць, нібыта яго ў іх няма (звычайны адказ у падобных выпадках). Тэлефон Алеся не адказвае".

9 мая ў Бабруйску прайшла несанкцыянаваная акцыя "Антыпарад". Правесці яе заклікаў гомельскі блогер youtube-канала "Краіна для жыцця" Сяргей Ціханоўскі. Сам ён быў затрыманы раніцай 6 мая і цяпер адбывае 15-сутачны арышт за ўдзел у акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі ў снежні 2019 года. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала "Бабруйск Online", за ўдзел у "Антыпарадзе" было затрымана 15 чалавек.

За апошнія дні ў шэрагу гарадоў Беларусі адбылося некалькі затрыманняў журналістаў, якія асвятлялі несанкцыянаваныя акцыі. Увечары 7 мая ў Магілёве быў затрыманы аператар-фрылансар Міхаіл Аршынскі. 8 мая ў Глыбокім (Віцебская вобласць) — журналіст Зміцер Лупач, які супрацоўнічае з "Белсатам". У Магілёве ў той жа дзень затрымалі журналіста і праваабаронцу Аляксандра Буракова, які супрацоўнічае з Deutsche Welle. 9 мая ў Мар`інай Горцы (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) быў затрыманы аператар "Белсата" Аляксандр Баразенка.

Баразенку адпусцілі, пратрымаўшы ў міліцыі тры гадзіны. Аршынскі і Буракоў, паводле інфармацыі БАЖ, знаходзяцца ў ІЧУ Магілёва, Лупач — у ізалятары Глыбокага. Чакаецца, што суды над імі адбудуцца ў панядзелак.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239