Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/10/ru_1042221_212124/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 02:52
10.05.2020 12:28 Грамадства

У Беларусі выяўленыя 22.973 выпадкі COVID-19

Мінск, 10 мая. Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 22.973 (8,7% ад агульнага ліку праведзеных тэстаў), памёр 131 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерлі яшчэ пяць чалавек, а агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 павялічылася на 921, або на 4,1% (у папярэднія суткі быў 951 новы выпадак і пяць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што памерлі пацыенты "з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй".

Ачунялі і выпісаныя 6.406 пацыентаў (+356 за суткі).

У міністэрстве адзначылі, што ў краіне на сённяшні дзень адкрытыя 38 лабараторый. "Праведзена 263.543 тэсты. Ужо другія суткі колькасць праведзеных тэст-даследаванняў перавышае 10 тысяч. За суткі, з 9 на 10 мая, спецыялісты правялі 11.772 даследаванні", — гаворыцца ў паведамленні.

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу "ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання".

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік 8 мая заявіў журналістам, што ў некаторых раёнах Мінскай і Віцебскай абласцей назіраецца зніжэнне захворвання на каранавірусную інфекцыю. "У астатніх рэгіёнах мы лічым, што выйшлі на плато. Трэба яшчэ некаторы час аказваць дапамогу ў такім інтэнсіўным рэжыме, пасля чаго будзе зніжэнне захворвання і зваротнае перапрафіляванне ложкавага фонду для звычайнага рэжыму працы", — паведаміў чыноўнік.

Аналіз сітуацыі, заўважыў чыноўнік, паказвае, што ў большасці пацыентаў інфекцыя працякае ў лёгкай форме, але ў 15-20% выяўляюцца ўскладненні ў выглядзе пнеўманіі. Меддапамогу пацыентам аказваюць як у амбулаторных умовах пры лёгкай форме захворвання, так і ў стацыянарах. На сёння перапрафіляваны ложкавы фонд заняты менш як на палову, ёсць усе неабходныя медыкаменты, абсталяванне, заявіў Каранік. "Мы лічым, што сітуацыя кантраляваная, кіраваная, рэзервы ў сістэмы аховы здароўя ёсць", — падкрэсліў ён.

Каранік паведаміў, што найбліжэйшым часам у Беларусь прыбудуць экспрэс-тэсты на антыцелы да COVID-19. На наступным тыдні чакаюцца дадатковыя пастаўкі. На першым этапе тэсты размяркуюць па медыцынскіх установах. Міністэрства аховы здароўя таксама плануе правесці ў асобных раёнах краіны цэнтралізаваныя даследаванні для вызначэння імуннай праслойкі да COVID-19. "Мы пастараемся зрабіць гэта максімальна аператыўна. Па шэрагу раёнаў будзем праводзіць цэнтралізаваныя даследаванні ўсіх пацыентаў, якія знаходзіліся на бальнічным лісце ў апошнія два месяцы ў сувязі рэспіраторнымі інфекцыямі", — сказаў міністр.

Ён не выключае верагоднасці таго, што другая хваля захворвання наступіць у восеньска-зімовы перыяд. "Таму мы будзем праводзіць даследаванні, каб вызначыць імунную праслойку сярод нашага насельніцтва. У нейкіх раёнах гэта будзе цэнтралізавана, дзесьці будзе наладжаная магчымасць прайсці ўсім ахвотным", — дадаў Каранік.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што"калі мы і далей будзем ісці абраным шляхам, мы абавязкова праз месяц забудзем пра каранавірус". Ён выказаў упэўненасць у тым, што "ў Беларусі здолеюць перамагчы каранавірус, у тым ліку і з Божай дапамогай". "Думаю, Гасподзь дапаможа пераадолець па ўсёй краіне гэтыя няшчасце і навалу", — заявіў кіраўнік дзяржавы 8 мая пасля ўрачыстай цырымоніі закладкі капсул з зямлёй, сабранай у месцах вайсковай славы і гібелі мірнага насельніцтва, якая прайшла ў мінскім храме-помніку Усіх Святых.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239