Вынесены прысуд шасці абвінавачваным па "справе медыкаў"
Мінскі гарадскі суд 11 мая вынес прысуд шасці фігурантам "справы медыкаў". Яны прызнаныя вінаватымі на падставе арт. 430 (атрыманне хабару) і арт. 431 (даванне хабару) Крымінальнага кодэкса.
Старшынявала ў судзе Алена Шылько. Бок дзяржабвінавачання прадстаўляў пракурор упраўлення Генеральнай пракуратуры Вадзім Кісель.
Былы гендырэктар УП "Белмедтэхніка" 46-гадовы Аляксандр Шарак прызнаны вінаватым на падставе ч. 3 арт. 430 КК і прыгавораны да шасці з паловай гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і да пазбаўлення права займаць пасады кіраўнікоў на працягу пяці гадоў.
Былы начальнік аддзела рэалізацыі "Белмедтэхнікі" Кірыл Кастрыцкі прызнаны вінаватым на падставе чч. 1 і 2 арт. 430 КК і прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён пазбаўлены права займаць пасады кіраўнікоў на працягу трох гадоў. Кастрыцкі знаходзіўся пад дамашнім арыштам і быў узяты пад варту ў зале суда.
Чатыры прадстаўнікі камерцыйных структур прызнаныя вінаватымі ў даванні хабару і замаху на даванне хабару. Ілья Карповіч атрымаў шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Яўген Волкаў — два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, Аляксандр Юсаў і Барыс Ранчынскі — два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.