Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/12/ru_1042445_214557/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 12:20
12.05.2020 11:57 Грамадства

Лукашэнка: Жалезна трэба патрабаваць ад Міністэрства аховы здароўя і ўрачоў захавання жыцця людзей

Мінск, 12 мая. У цяперашніх эпідэміялагічных умовах галоўнае не статыстыка па колькасці хворых, а выратаванне жыццяў людзей, заявіў Аляксандр Лукашэнка 12 мая на нарадзе па праекце ўказа аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян.

"Будзем лячыць людзей, будзем глядзець, што будзе далей. Але хачу ў сувязі з тым, што я падняў гэтае пытанне, катэгарычна папярэдзіць, што галавой усе адказваюць за смяротнасць насельніцтва", — прыводзіць словы кіраўніка дзяржавы тэлеграм-канал тэлеканала ОНТ.

"Усе гэтыя паказчыкі, кавідаўскія і нават пнеўманійныя, колькі ў нас там учора было, колькі сёння і якая дынаміка, — гэта ўсё знікне, гэта ўсе забудуць. А вось загінулыя людзі, якіх мы маглі выратаваць, але не выратавалі, — гэта застанецца", — упэўнены Лукашэнка.

"Жалезна трэба патрабаваць ад Міністэрства аховы здароўя і ўрачоў захавання жыцця людзей. Я пра гэта ў храме нядаўна казаў, і я гэта бяру на сур'ёзны кантроль", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка таксама заявіў, што "сітуацыя ў Беларусі сёння з вірусамі і іншымі захворваннямі, якіх у нас хапала і хапае, цярпімая".

"Мы не кажам, што ў нас усё добра, што мы ўжо бога за бараду ўзялі. Не. Але той метад, якім мы карыстаемся ўжо трэці месяц, прыносіць свой вынік. І гэтым метадам, гэтым шляхам скарысталіся і іншыя дзяржавы. Паглядзіце на заходнія краіны: паволі адкрыліся, пачала працаваць эканоміка, а гэта мільёны людзей. І ў той час як смяротнасць у іх за суткі перавышае ўсіх памерлых (ад хвароб, абцяжараных каранавірусам. — заўв.) у Беларусі за гэтыя тры месяцы", — падкрэсліў Лукашэнка.

"Паглядзіце на усход — дружалюбная нам, родная Расія адкрыла будаўнічы комплекс, прамысловыя прадпрыемствы, іншыя асноўныя сектары эканомікі. Гэта 90 з лішнім працэнтаў насельніцтва, якія выйдуць на працу. Багатая Расія, у якой назапашаны велізарны золатавалютны рэзерв і фонд нацыянальнага дабрабыту. Яна зразумела, што могуць быць дрэнныя наступствы", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на 11 мая колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 23.906, памерлі 135 чалавек. За суткі памерлі чатыры чалавекі, а агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 павялічылася на 933, або на 4% (у папярэднія суткі быў 921 новы выпадак і пяць смерцяў).

Аляксей Арэшка, БелаПАН.  

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239