Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/14/ru_1042748_547812/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 08:21
14.05.2020 12:34 Эканоміка, Культура

Улады плануюць падтрымаць арганізацыі культуры ва ўмовах пандэміі COVID-19

Мінск, 14 мая. Міністэрства культуры Беларусі вынесла на грамадскае абмеркаванне праект указа прэзідэнта "Аб мерах падтрымкі арганізацый культуры і іншых арганізацый, якія ажыццяўляюць правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў".

Тэкст дакумента размешчаны на Прававым форуме Беларусі. Грамадскае абмеркаванне будзе доўжыцца па 24 мая ўключна. Заўвагі і прапановы можна выказаць на форуме альбо накіраваць на электронны адрас: expert.minkult@gmail.com.

У абгрунтаванні праекта адзначана, што ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі COVID-19 арганізатары культурна-відовішчных мерапрыемстваў сутыкнуліся з аднамомантнай адменай альбо пераносам тэрмінаў правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў, што пацягнула "масавы зварот гледачоў па грашовую кампенсацыяю кошту ўваходнага білета".

Акрамя таго, у сувязі з прыняццем шэрагам замежных дзяржаў жорсткіх мер па абмежаванні перамяшчэння грамадзян цераз мяжу правядзенне мерапрыемстваў з удзелам замежных выканаўцаў у 2020 годзе праблематычнае.

Згодна са звесткамі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, з 12 сакавіка ў Беларусі адменена 156 культурна-відовішчных мерапрыемстваў, і гэты працэс працягваецца. У той жа час сума дзяржпошліны, выплачанай за выдачу пасведчання арганізатару культурна-відовішчнага мерапрыемства, не вяртаецца.

"У сувязі з прыпыненнем канцэртнай дзейнасці ў Беларусі і немагчымасцю прагназаваць тэрміны яе аднаўлення арганізатары культурна-відовішчных мерапрыемстваў нясуць страты, якія не дазваляюць ім ажыццяўляць далейшую працу, а таксама выконваць свае абавязацельствы перад гледачамі па выплаце грашовай кампенсацыі за ўваходныя білеты", — гаворыцца ў абгрунтаванні.

Праект указа прэзідэнта падрыхтаваны пасля звароту да ўрада групы арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў.

Калі дакумент будзе прыняты, арганізатарам культурных мерапрыемстваў, адмененых або перанесеных з-за пандэміі COVID-19, дазволяць вяртаць грошы за набытыя білеты на працягу шасці месяцаў з дня падачы заявы аб грашовай кампенсацыі, а не сямі дзён, як цяпер. Гаворка ідзе аб адмененых або перанесеных культурна-відовішчных мерапрыемствах, якія павінны былі прайсці з 12 сакавіка па 31 снежня 2020 года.

Праект таксама прадугледжвае вяртанне дзяржпошліны за канцэртнае пасведчанне, якое з-за адмены мерапрыемства прызнанае несапраўдным. У выпадку, калі мерапрыемства пераносіцца, канцэртнае пасведчанне застаецца сапраўдным з правам унясення ў яго іншых тэрмінаў правядзення канцэрта, спектакля, выставы ці іншага мерапрыемства.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239