Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/14/ru_1042780_123/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 13:43
14.05.2020 13:03 Грамадства

У Беларусі 26.772 пацверджаныя выпадкі COVID-19

Мінск, 14 мая. Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 26.772, памёр 151 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерла яшчэ пяць чалавек, а агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 павялічылася на 947, або на 3,6% (за папярэднія суткі было 952 новыя выпадкі і чатыры смерці). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што памерлі пацыенты "з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй".

Паправіліся і выпісаныя 8.168 пацыентаў (+457 за суткі). Усяго праведзена 308.156 тэстаў на каранавірус, у тым ліку за апошнія суткі — больш за 11 тысяч даследаванняў.

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх і якія маюць патрэбу "ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання".

12 мая на нарадзе па праекце ўказа аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў цяперашніх эпідэміялагічных умовах галоўнае не статыстыка па колькасці тых, хто захварэў, а выратаванне жыццяў людзей. "Будзем лячыць людзей, будзем глядзець, што будзе далей. Але хачу ў сувязі з тым, што я падняў гэтае пытанне, катэгарычна папярэдзіць, што галавой усе адказваюць за смяротнасць насельніцтва", — сказаў афіцыйны лідар.

"Усе гэтыя паказчыкі, ковідаўскія і нават пнеўманійныя, колькі ў нас там учора было, колькі сёння і якая дынаміка, — гэта ўсё сыдзе, гэта ўсе забудуць. А вось людзі, якія загінулі, якіх мы маглі выратаваць, але не выратавалі, — гэта застанецца", — лічыць Лукашэнка.

"Жалезна трэба патрабаваць ад Міністэрства аховы здароўя і ўрачоў захавання жыцця людзей. Я пра гэта ў храме нядаўна казаў, і я гэта бяру на сур'ёзны кантроль", — заявіў беларускі кіраўнік.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239