Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/17/ru_1043193_221144/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2020 12:32
17.05.2020 11:24 Грамадства

У Мінску памёр заснавальнік партала tut.by Юрый Зісер

Мінск, 17 мая. 17 мая ў Мінску пасля працяглай хваробы памёр Юрый Зісер, заснавальнік партала tut.by і хостынг-правайдара hoster.by, прадпрымальнік, грамадскі дзеяч, мецэнат.

Як паведамляе tut.by, у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй развітанне пройдзе ў вузкім коле. Сям'я Юрыя Зісера просіць ушанаваць яго памяць дома, а замест кветак зрабіць ахвяраванне на барацьбу з COVID-19. Пасля заканчэння эпідэміі будзе арганізаваны памінальны вечар, пра месца і час правядзення якога сваякі паведамяць дадаткова.

Юрый Зісер нарадзіўся 28 чэрвеня 1960 года ў Львове, яго бацька быў інжынерам, мама — музыкантам. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Паўночна-Заходнім політэхнічным інстытуце ў Санкт-Пецярбургу па спецыяльнасці "Электронныя вылічальныя машыны". У юнацтве паспеў папрацаваць паштальёнам. Працаваў тэхнікам і праграмістам у Львове.

У 1980-х пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай культуролагам Юліяй Чарняўскай і ўслед за ёй з'ехаў у Мінск.

Некалькі гадоў працаваў сістэмным праграмістам у НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Бараўлянах, займаўся навукай. У пачатку 1990-х правёў два гады ў Лангепасе Цюменскай вобласці, дзе працаваў праграмістам у кааператыве "Факел".

У 1992 годзе заснаваў кампанію "Надзейныя праграмы", якая займалася распрацоўкай банкаўскага праграмнага забеспячэння. Сістэма абслугоўвання насельніцтва "Праграма 35" выкарыстоўвалася больш як у ста банках Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы.

У 2000 годзе стварыў партал tut.by, які за некалькі гадоў стаў адным з папулярных беларускіх анлайн-рэсурсаў.

Стаяў ля вытокаў шэрагу беларускіх і міжнародных інтэрнэт-праектаў. Быў актыўным удзельнікам стартап-руху, ментарам. Актыўна займаўся дабрачыннасцю і мецэнацтвам, але пра гэтую сваю дзейнасць практычна не расказваў. Нягледзячы на хваробу, стаў адным з арганізатараў і спонсараў Міжнароднага фестывалю клезмерскай музыкі, які прайшоў у Мінску ў лістападзе 2019 года.

У 2013 годзе паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі на клас аргана, які паспяхова скончыў у 2015 годзе. Адно з апошніх пачынанняў Юрыя Зісера, як паведамляюць яго калегі, — аднаўленне арганаў Беларусі. Пры яго фінансавай падтрымцы былі адноўленыя арганы ў Мінску, Нясвіжы, Пінску.

БелаПАН выказвае спачуванні сваякам, блізкім і калегам Юрыя Зісера.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239