Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/18/ru_1043227_123/
Дата раздрукоўкі: 11.08.2020 15:46
18.05.2020 09:53 Палітыка, Грамадства

Праваабаронцы: Выбары прэзідэнта пачаліся на фоне пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека

Мінск, 18 мая. Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пачаліся на фоне эпідэміі каранавіруса і пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека, гаворыцца ў аналітычнай штотыднёвай справаздачы (з 8 па 17 мая) па выніках назірання за выбарамі прэзідэнта, якая падрыхтаваная ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Назіранне ажыццяўляюць прадстаўнікі Беларускага Хельсінкскага камітэта і закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна".

Паводле высноў назіральнікаў, выбары праходзяць "на фоне складанай геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне, ва ўмовах пэўнага прагрэсу ў адносінах паміж Беларуссю, ЕС і ЗША". Адзначаецца, што ім "папярэднічаў працэс перамоваў паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расіі аб ратыфікацыі так званых дарожных карт аб паглыбленай інтэграцыі, які выклікаў крызіс у адносінах паміж дзвюма дзяржавамі, ускладнены праблемамі з расійскімі пастаўкамі нафты і газу ў краіну".

"Выбары адбываюцца на фоне пандэміі каранавіруса, што з`яўляецца сур`ёзным выклікам у сувязі з пагрозай для жыцця і здароўя як непасрэдных удзельнікаў выбарчага працэсу, так і іншых грамадзян краіны ў цэлым, — гаворыцца ў справаздачы назіральнікаў. — Улады краіны не прытрымліваюцца рэкамендацый СААЗ аб прыняцці мер, накіраваных на мінімізацыю распаўсюджвання пандэміі ў краіне: афіцыйна не ўведзены каранцін, не забароненае правядзенне масавых мерапрыемстваў, праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы, былі праведзеныя рэспубліканскі суботнік і ваенны парад 9 мая".

Таксама адзначаецца, што "прапановы аб зменах у выбарчыя працэдуры, накіраваныя на мінімізацыю пагрозы захворвання на каранавірус падчас выбараў, падрыхтаваныя экспертамі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і перададзеныя ў Палату прадстаўнікоў, ЦВК і Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, былі праігнараваныя".

"За перыяд, які папярэднічаў прызначэнню выбараў, улады краіны не прадэманстравалі значнага прагрэсу і зменаў сістэмнага характару, накіраваных на паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, — заяўляюць назіральнікі. — Асноўныя грамадзянскія і палітычныя свабоды, як і раней, абцяжараныя значнымі заканадаўчымі абмежаваннямі. Праваабаронцы фіксуюць шматлікія факты парушэнняў правоў чалавека, за кратамі знаходзяцца чатыры чалавекі, прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасцю палітычнымі зняволенымі".

Як адзначаецца ў справаздачы, "улады краіны не зрабілі захадаў па імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, дадзеных па выніках назірання за папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі ў 2015 годзе, а таксама парламенцкімі выбарамі мінулага года".

Акрамя таго, адзначаюць "Праваабаронцы за свабодныя выбары", непасрэдна перад прызначэннем выбараў адбылося пагаршэнне агульнай сітуацыі з правамі чалавека: з 7 па 9 мая міліцыя затрымала больш за 120 чалавек, якія бралі ўдзел у мірных сходах у розных гарадах Беларусі. З іх больш за 50 былі арыштаваныя судамі за ўдзел у несанкцыянаваных сходах, 20 аштрафаваныя. Сярод арыштаваных — журналісты і праваабаронцы. "Гэтыя падзеі выклікалі негатыўную рэакцыю з боку міжнародных праваабарончых і журналісцкіх арганізацый, а таксама АБСЕ і ЕС", — нагадваюць аўтары справаздачы.

Таксама паведамляецца, што 55 чалавек перадалі ў ЦВК дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. На дадзены момант вядома пра 11 выпадкаў адмоў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп.

Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239