Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/18/ru_1043257_778899/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 13:40
18.05.2020 13:20 Грамадства

У Беларусі — больш за 30,5 тыс. пацверджаных выпадкаў COVID-19

Мінск, 18 мая. Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 30.572, памёр 171 чалавек, паведамляе Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерлі яшчэ шэсць чалавек, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 922, або на 3,1% (у папярэднія суткі было 969 новых выпадкаў і пяць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што пацыенты памерлі "з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй".

Ачунялі і выпісаныя 10.130 пацыентаў (+198 за суткі). Усяго праведзена 364.319 тэстаў на каранавірус, у тым ліку за апошнія суткі — больш за 13,8 тыс. даследаванняў.

Міністэрства аховы здароўя зноў не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу "ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання". Брыфінгі для журналістаў міністэрства не праводзіць ўжо тры тыдні.

17 мая ў эфіры праграмы "Тыдзень" на тэлеканале СТВ дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка заявіў, што прыблізна 70% беларусаў хварэюць на каранавірусную інфекцыю ў бессімптомнай форме, г.зн. людзі не заўважаюць, што перахварэлі. "Мы чакаем, што, магчыма, антыцелы да COVID-19 ёсць у тых людзей, хто не падазраваў пра гэта", — адзначыў Карпенка.

Дырэктар РНПЦ заявіў, што Беларусь — першая краіна ў СНД і ў найбліжэйшых рэгіёнах, дзе ў канцы сакавіка — пачатку красавіка "на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства вызначылі як магчымасць нарыхтоўкі, так і выкарыстання плазмы перахварэлых на каранавірус для лячэння пацыентаў з COVID-19". У Літве і Польшчы, паводле яго слоў, такая тэхналогія масава не выкарыстоўваецца.

Карпенка паведаміў, што лячэнне плазмай у Беларусі атрымалі ўжо больш за 100 пацыентаў з COVID-19. На наступным тыдні плануецца пачаць даследаванні дзвюх тысяч рэгулярных донараў плазмы і крыві, гатовых да данацый, на наяўнасць у іх антыцелаў. Цяпер ідзе ўзгадненне гэтых планаў з Міністэрствам аховы здароўя, сказаў дырэктар РНПЦ.

Ён лічыць эфектыўным лячэнне плазмай пацыентаў з COVID-19. "Дапамагае. І мы натхнёныя, што вельмі шмат станоўчых эфектаў. Гэта стымулюе нас і натхняе на далейшую працу, размовы, пошук, прапаганду гэтай тэхналогіі", — падкрэсліў кіраўнік РНПЦ.

Нарыхтоўка плазмы, паводле яго слоў, арганізаваная ў Мінску, на базе 6-й гарадской клінічнай бальніцы, і ва ўсіх абласцях. Выкарыстоўваецца пры лячэнні пацыентаў прыкладна ў 100 гарадах па ўсёй Беларусі.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239