Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/20/ru_1043657_412541/
Дата раздрукоўкі: 28.11.2020 07:45
20.05.2020 14:04 Палітыка

ЦВК зарэгістравала 15 ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта

Мінск, 20 мая. Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп па вылучэнні грамадзян кандыдатамі на пасаду прэзідэнта Беларусі. Рэгістрацыя завяршылася 20 мая.

Пасяджэнні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, падчас якіх разгледжанае пытанне аб рэгістрацыі груп, адбыліся 15, 19 і 20 мая. Зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі:

— дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі;

— старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча;

— фермера з Гомельскага раёна Юрыя Ганцэвіча;

— члена Аб`яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых;

— намесніка дырэктара ПГУП "Кісель В.В." Наталлі Кісель;

— былога старшыні праўлення "Белгазпрамбанка" Віктара Бабарыкі;

— экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналогій, былога чыноўніка і дыпламата Валерыя Цапкалы;

— старшыні партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада" Сяргея Чэрачня;

— сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Вольгі Кавальковай;

— былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ганны Канапацкай;

— сустаршыні грамадскага аб`яднання "Гавары праўду" Андрэя Дзмітрыева;

— Святланы Ціханоўскай, жонкі папулярнага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага;

— лідара музычнага гурту Znich Алеся Таболіча;

— старшыні руху "За Свабоду" Юрыя Губарэвіча;

— в.а. старшыні Аб`яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова.

За розныя парушэнні Выбарчага кодэкса адмову ў рэгістрацыі атрымалі ініцыятыўныя групы: Сяргея Ціханоўскага — папулярнага відэаблогера (youtube-канал "Краіна для жыцця"); Віталя Зялкоўскага — інжынера-дызайнера, вядомага ў байнэце як "суровы турыст"; Алены Ашыхмінай — дырэктара ТАА "БелТэхПадшыпнік"; Жанны Раманоўскай — беспрацоўнай мінчанкі; Мікалая Статкевіча — апазіцыйнага палітыка, экс-кандыдата ў прэзідэнты, былога палітвязня; Андрэя Іванова — індывідуальнага прадпрымальніка, члена Камуністычнай партыі Беларусі; Міхаіла Валынца — рамесніка; Валерыя Перавошчыкава — пенсіянера; Паўла Спірына — відэаблогера; Алега Нявейкава — сацыяльнага работніка; Аляксандра Скрабца — беспрацоўнага з Мінска; Уладзіміра Правальскага — індывідуальнага прадпрымальніка з Віцебска; Андрэя Мажэйкі — беспрацоўнага.

ЦВК таксама не зарэгістравала ініцыятыўныя групы "кандыдатаў пратэсту" — прыхільнікаў Статкевіча: Марыны Адамовіч (жонка Мікалая Статкевіча), Анжалікі Жалезняковай, Веранікі Мішчанкі, Аляксандра Грачышнікава, Антаніны Вішняковай, Валянціна Фралова, Вольгі Нікалайчык, Ігара Кляшчука, Вікторыі Хаценкі, Дзмітрыя Кудраўца, Пятра Карабанава, Мікалая Саляніка, Тамары Патоцкай, Уладзіміра Неўмяржыцкага, Рэгіны Беркус, Аляксандра Якушкова, Алены Давыдавай, Аляксандра Школьнікава, Уладзіміра Кійко, Юрыя Новікава, Юрыя Чудзіновіча, Сяргея Статкевіча, Віктара Шорца, Юрыя Касача, Аляксандра Абрамовіча, Наталлі Стрэльчанкі і Аляксея Зуевіча.

Усяго ў ЦВК было пададзена 55 заяў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні грамадзян кандыдатамі на пасаду прэзідэнта на выбарах, прызначаных 9 жніўня. Гэта абсалютны рэкорд усіх прэзідэнцкіх кампаній у краіне.

Для рэгістрацыі ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта неабходна сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў. Збор подпісаў будзе праходзіць з 21 мая па 19 чэрвеня.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239