Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/21/eu_1043686_778899/
Дата раздрукоўкі: 05.08.2020 21:44
21.05.2020 07:02 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Дзірк Візэ: Пры правядзенні выбараў ва ўмовах пандэміі асабліва важна захоўваць дэмакратычныя прынцыпы

Мінск, 21 мая. У надзвычайных умовах пандэміі пры правядзенні прэзідэнцкіх выбараў асабліва важнае захаванне асноўных дэмакратычных прынцыпаў. Такое меркаванне выказаў у інтэрв`ю БелаПАН упаўнаважаны ўрада Германіі па адносінах з краінамі былога СССР Дзірк Візэ.

Паводле яго слоў, Германія занепакоеная арыштамі відэаблогераў, удзельнікаў мірных пратэстаў і журналістаў у Беларусі. Правы на свабоду слова, свабоду аб`яднанняў і сходаў з`яўляюцца "базавай неабходнасцю для дэмакратычнага грамадства", падкрэсліў Візэ. "Яны не павінны неапраўдана абмяжоўвацца. Германія гатовая дапамагчы ў гэтым Беларусі як парадамі, так і дзеяннямі. У прыватнасці ў надзвычайных умовах пандэміі, у якіх 9 жніўня пройдуць прэзідэнцкія выбары, асабліва важнае захаванне асноўных дэмакратычных прынцыпаў", — дадаў прадстаўнік урада Германіі.

Візэ адзначыў, што за апошнія гады ў Беларусі "прыкметна вырасла гатоўнасць займацца ў межах міжнароднага дыялогу пытаннямі правоў чалавека, дэмакратыі і прававой дзяржавы".

"Таксама больш інтэнсіўны стаў дыялог паміж урадам і грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Тут важную ролю адыгрывае штогадовы Мінскі форум. Федэральны ўрад вельмі вітае гэтыя змены. У той жа час мы чакаем, што гэтая гатоўнасць да дыялогу знойдзе выражэнне ў канкрэтных мерах і рэформах. Пакуль у гэтым плане мы, на жаль, назіраем пэўную стагнацыю", — заявіў Візэ.

Паводле яго слоў, вартыя ўвагі такія грамадзянскія ініцыятывы, як, напрыклад, рух "Маці 328", які выступае за рэформы крымінальнага заканадаўства ў дачыненні да непаўналетніх, што дазволілі б не толькі прыцягваць такіх правапарушальнікаў да адказнасці за памылкі, але і дапамагаць ім зноў інтэгравацца ў грамадства. "З тымі беспрэцэдэнтна строгімі мерамі пакарання, якія дзейнічаюць сёння, гэта наўрад ці магчымае", — заўважыў Візэ.

У цэлым за апошнія 10 гадоў у адносінах паміж Германіяй і Беларуссю адбыліся істотныя змены, адзначыў нямецкі чыноўнік. "Калі ў пачатку мінулага дзесяцігоддзя адносіны былі практычна замарожаныя, то з вызваленнем апошніх палітычных зняволеных (у жніўні 2014 года. — БелаПАН.) адкрыліся новыя магчымасці для таго, каб нашы краіны зноў пачалі збліжэнне, ЕС зняў большасць санкцый з Беларусі. З гэтага моманту палітычны і грамадскі дыялог паступова станавіўся больш інтэнсіўным", — канстатаваў Візэ.

"Кульмінацыяй развіцця двухбаковых адносін, без сумнення, стаў візіт прэзідэнта ФРГ Франка-Вальтэра Штайнмаера, якога я суправаджаў ў Мінск у 2018 годзе, — дадаў ён. — Ужо тады я заўважыў тое, што з таго часу пастаянна пацвярджаецца яркімі прыкладамі: спектр галін для супрацоўніцтва вельмі шырокі. У яго ўваходзяць і сферы, у якіх, я спадзяюся, яшчэ ўдасца дамагчыся большага прагрэсу — напрыклад захаванне правоў чалавека. Спадзяюся, што стратэгічная кансультатыўная група, якая сёлета працуе над паглыбленнем узаемадзеяння па важных тэмах, дасць новыя імпульсы для развіцця нашых адносін".

Паводле слоў Візэ, Беларусь вылучаецца сярод краін — былых рэспублік Савецкага Саюза "ў тым, што тычыцца палітычнай дынамікі пакрокавага адкрыцця для ЕС, а таксама агульнай дыверсіфікацыі знешняй палітыкі за апошнія чатыры-пяць гадоў". У Беларусі, лічыць ён, ёсць "выдатныя перадумовы, каб працягваць ісці па шляху збліжэння з ЕС".

"З`яўляючыся непасрэдным суседам ЕС, Беларусь займае вельмі выгаднае геаграфічнае становішча ў Еўразійскай эканамічнай прасторы, — адзначыў Візэ. — У краіне добры ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў. У беларускай эканоміцы існуюць магутныя сектары — напрыклад сфера інфармацыйных тэхналогій, якая хутка развіваецца. Турыстычны патэнцыял Беларусі з яе прыродай, гарадамі і гасціннасцю таксама можна выкарыстоўваць нашмат больш інтэнсіўна".

"Тым не менш яшчэ існуюць перашкоды на шляху да больш эфектыўнага і глыбокага супрацоўніцтва. Інвестыцыям часта перашкаджае няпэўнасць у плоскасці прававых гарантый. Палітычны вобраз Беларусі па-ранейшаму звязаны, перш за ўсё, з прымяненнем смяротнага пакарання", — дадаў упаўнаважаны ўрада Германіі па адносінах з краінамі былога СССР.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239