Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/22/ru_1043918_1043919/
Дата раздрукоўкі: 21.09.2020 01:59
22.05.2020 12:49 Грамадства

Памерла 29-гадовая кінарэжысёр Любоў Зямцова, якая патрапіла з калегамі ў ДТЗ тыдзень таму

Мінск, 22 мая. Дваццацідзевяцігадовая кінарэжысёр-дакументаліст Любоў Земцова, якая патрапіла з калегамі ў ДТЗ тыдзень таму, памерла ў бальніцы раніцай 22 мая. Інфармацыя аб гэтым размешчаная ў "Фэйсбуку", у групе B2B DOC, прысвечанай дакументальнаму кіно.

Аварыя адбылася 14 мая пад Пухавічамі (Мінская вобласць). Любоў Зямцова і яе калегі — рэжысёр Уладзімір Міхайлоўскі і мастак-гукарэжысёр Максім Гаўрыленка — вярталіся з Гомеля, дзе здымалі дакументальны фільм пра грамадзянскую кампанію ByCovid-19 з цыкла "Невядомая Беларусь" для тэлеканала "Настоящее время", а таксама развозілі дапамогу медыкам. Міхайлаўскі і Гаўрыленка загінулі на месцы, Любоў трапіла ў рэанімацыю. У бальніцы ёй правялі дзве нейрахірургічныя аперацыі.

Па факце гібелі людзей у ДТЗ распачатая справа па ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць трох асоб). У паведамленні Следчага камітэта гаварылася: "У 19.40 14 мая ў Пухавіцкім раёне на 43-м км аўтадарогі М5 адбылося ДТЗ з удзелам аўтамабіляў "Ровер" і "Сітраен". У выніку аварыі загінулі 33-гадовы кіроўца і 26-гадовы пасажыр Citroen, а таксама 20-гадовы жыхар Гомеля, які кіраваў аўтамабілем Rover. Папярэдне ўстаноўлена, што сутыкненне адбылося, калі кіроўца Rover выехаў на сустрэчную паласу руху і сутыкнуўся з аўтамабілем Citroen".

Любоў Зямцова скончыла Waida School Doc Pro ў Варшаве. Аўтар фільмаў "Месца кахання", "Дзень Перамогі" і "Пра каханне: Іра". Яе працы прымалі ўдзел у такіх кінафестывалях, як "Артдакфэст", Astra Film Festival, Belarus Watch Docs і іншых. Стужка, над якой працавалі дакументалісты перад аварыяй, павінна была стаць чацвёртай у серыі "Невядомая Беларусь". Першыя тры: "Камароўка", "Размеркаванне", "Прытулак".

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239