Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/22/ru_1043981_123/
Дата раздрукоўкі: 29.09.2020 15:55
22.05.2020 20:46 Палітыка, Грамадства

Праваабаронцы паведамляюць пра 150 затрыманняў па палітычных матывах у маі

Мінск, 22 мая. Паводле дадзеных закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" на 22 мая, з 6 мая ў краіне зафіксавана каля 150 выпадкаў адвольных затрыманняў па палітычных матывах.

"Пад пераслед патрапілі людзі, якія прыходзілі на сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім у розных гарадах краіны, выходзілі на акцыі ў яго падтрымку пасля затрымання блогера, "кармілі галубоў" на плошчах сваіх гарадоў ці ўдзельнічалі ў іншых акцыях пратэсту. Пад пераслед патрапілі таксама праваабаронцы і журналісты, якія назіралі або асвятлялі акцыі", — адзначаецца ў паведамленні на сайце spring96.org.

За гэты час 61 чалавек быў арыштаваны на тэрмін ад двух да 45 сутак. Некаторых (у прыватнасці, блогераў Ціханоўскага і Уладзіміра Няронскага) судзілі некалькі разоў і кожны раз каралі арыштамі. Агульная колькасць атрыманых сутак з 6 па 22 мая — 622. На падставе артыкулаў за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КоАП) і за непадпарадкаванне міліцыі падчас гэтых акцый (арт. 23.4 КоАП) 47 чалавек атрымалі штрафы, агульная сума якіх перавышае 47 тыс. рублёў.

Адміністрацыйныя суды прайшлі ў 20 гарадах. "Рэкардсменамі" па колькасці палітычна матываваных адміністрацыйных спраў сталі Мінск ("больш як 22 суды"), Магілёў (21) і Брэст (19), адзначаюць праваабаронцы.

Паводле іх інфармацыі, чарговыя суды над паплечнікамі Ціханоўскага і іншымі актывістамі пройдуць 25—27, 29 мая і 1 чэрвеня.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239