Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/23/ru_1043995_1043996/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 08:01
23.05.2020 12:54 Палітыка

Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі перавысіла 35 тысяч

Мінск, 23 мая. Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 35.244, памерла 194 чалавекі, паведамляе Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерлі яшчэ чатыры чалавекі, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 941, або на 2,7% (у папярэднія суткі было 932 новыя выпадкі і пяць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што пацыенты памерлі "з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй".

Ачунялі і выпісаныя 13.528 пацыентаў (+695 за суткі). Усяго праведзена 434.618 тэстаў на каранавірус, у тым ліку за апошнія суткі — больш за 15,6 тыс. даследаванняў.

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, якія маюць патрэбу "ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання". Брыфінгі для журналістаў міністэрства не праводзіць ужо чацвёрты тыдзень.

Аляксандр Лукашэнка 21 мая падчас сустрэчы з міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам і памочнікам прэзідэнта Аляксандрам Косінцам заявіў, што эпідэміялагічнае становішча ў Беларусі паляпшаецца, але расслабляцца нельга.

Таксама ён паведаміў, што захворванне ў Віцебску і Мінску пайшло на спад. "Мінск, Віцебск — яны раней, асабліва Віцебск, увайшлі ў гэтую праблему, і яны ўжо выходзяць. Вы бачыце, што месцы вызваляюцца. Там, дзе мы рэзервавалі анкалагічныя, гінекалагічныя ложкі, яшчэ нейкія, яны нам не патрэбныя, іх трэба выводзіць, зачышчаць, вымываць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў, што эпідэміялагічную сітуацыю ў Мінску кантралюе старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. "Мы не бачым росту ў Мінску цяпер. Гэта шчасце. Нават ужо ў мінус пайшлі. Гэта добра. Таксама трэба вызваляць бальніцы, якія мы загадзя рыхтавалі на ўсялякі выпадак, каб у нас былі ложкі ў запасе. Трэба разумець, што ў нас жа анкалагічныя аперацыі. Няхай не складаныя, не цяжкія, але адкладзеныя. Таму трэба тэрмінова вяртаць гэтыя бальніцы анкахворым. Тое ж самае і іншыя бальніцы, якія павінны займацца лячэннем іншых хвароб", — сказаў ён.

Лукашэнка заявіў, што ў краіне абралі правільную стратэгію, каб надаваць прыярытэтную ўвагу лячэнню пнеўманій, незалежна ад прычын, якія іх выклікалі, а не толькі каранавірусных. "Гэта была правільная стратэгія. І мы сёння бачым, што гэтыя пнеўманіі, дзякуй богу, пайшлі ўніз", — дадаў ён.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239