Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/25/ru_1044099_1044100/
Дата раздрукоўкі: 15.07.2020 15:25
25.05.2020 11:01 Палітыка

Ярмошына выступае за ўвядзенне маёмаснага закладу на ўдзел у выбарах прэзідэнта

Мінск, 25 мая. Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына прапаноўвае ўвесці маёмасны заклад для кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв`ю БелаПАН.

Каментуючы колькасць заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па зборы подпісаў (55 заявак), якія паступілі ў ЦВК, яна адзначыла: "Гэта абсалютны рэкорд. Аб`ектыўнай прычынай з`яўляецца тое, што наша заканадаўства ўтрымлівае абсалютна пралетарскую норму, ад якой трэба сыходзіць. Гэтая норма звязана з тым, што ў кандыдаты могуць ісці людзі, якія маюць толькі нейкую сацыяльную падтрымку — то бок 100 чалавек, згодных збіраць за іх подпісы. Я думаю, што адсутнасць выбарчага закладу альбо патрабавання па адкрыцці і хоць бы частковым фарміраванні выбарчага рахунку (усё тое, што ёсць у нашых суседзяў, я не прапаноўваю нешта за межамі здаровага сэнсу) прывяло да таго, што ў нас магчымасць вылучэння на першым этапе даступная любому, бамжу са сметніка практычна".

Гэта, на думку Ярмошынай, нівелюе саму ідэю выбараў. "Гэта вельмі дрэнна. Усё ж такі выбары прэзідэнта — гэта элітны працэс з самага пачатку, — падкрэсліла яна. — Возьмем 1994 год, калі былі першыя выбары прэзідэнта, — гэты час успамінаюць як самы дэмакратычны, наша дэмакратычная грамадскасць па ім настальгуе. Але тады і прэтэндэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп было значна менш, і ўсё ж такі гэта былі групы палітыкаў, бізнесменаў. Гэта былі людзі, якія ўжо валодалі імем і нейкай маёмасцю альбо нейкім кіраўнічым досведам".

Паводле слоў Ярмошынай, многія з тых, хто падаў заяўкі ў ЦВК, не аддавалі сабе справаздачы, у чым збіраюцца ўдзельнічаць. "Значная частка тых, хто падаў дакументы, кіравалася толькі жаданнем праводзіць агітацыю, што дазваляе статус прэтэндэнта. Прычым агітацыю, натуральна, антыдзяржаўнага плана, — дадала яна. — Існуючая норма не ўлічвае, скажам так, што цалкам змянілася псіхалогія людзей. Калі ў 1994 годзе ўсё-такі людзі досыць крытычна ацэньвалі свае здольнасці і магчымасці, таму па вызначэнні не магло быць занадта шмат кандыдатаў на гэтую пасаду, то цяпер сацыяльныя сеткі, якія кожную нікчэмнасць могуць зрабіць знакамітасцю, зусім пазбавілі вельмі многіх людзей крытычнай ацэнкі сваіх магчымасцяў і здольнасцяў. Там кожны становіцца знакамітым. І вось гэтая змена маралі таксама паўплывала на такі прыток кандыдатаў".

Кіраўнік ЦВК прапаноўвае ўвесці норму, згодна з якой для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы патэнцыйны кандыдат павінен сфарміраваць не менш за 10% свайго выбарчага фонду (максімальна дазволены памер выбарчага фонду кандыдата цяпер складае 9.000 базавых велічынь — 243 тыс. рублёў). "Гэта пакажа, што чалавек уклаў сродкі і мае сур`ёзныя намеры вылучыцца, — сказала Ярмошына. — Тады мы будзем мець сапраўды кандыдатаў і сур`ёзных, і сцверджаных. А потым, гэтыя грошы чалавек будзе траціць на сваю кампанію. Калі не зарэгіструюць групу, то яму іх вернуць".

Як лічыць кіраўнік Цэнтрвыбаркама, калі з`явіцца "цэнз, які зможа дысцыплінаваць будучых удзельнікаў і кандыдатаў у прэзідэнты", "адпадуць наогул якія-небудзь сур`ёзныя праблемы, якія кажуць аб неабходнасці істотна мяняць нормы закона".

На пытанне, чаму з прызначэннем даты выбараў зацягнулі настолькі, што ў патэнцыйных кандыдатаў было ўсяго пяць дзён на падачу ў ЦВК заяў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп, Ярмошына адказала: "Гэта пытанне не да мяне, а да парламента, які аб`яўляе выбары. Выбары абвешчаныя ў тэрміны, прадугледжаныя законам, ні на адзін дзень гэты тэрмін не парушаны".

"Што тычыцца кандыдатаў, то прама ў Выбарчым кодэксе напісана, што яны абавязаны не пазней чым за 85 дзён да выбараў прадставіць дакументы ў ЦВК і на працягу пяці дзён гэтыя дакументы павінны разгледзець і зарэгістраваць групы. Гэта значыць на ўсю астатнюю кампанію застаецца 80 дзён. Гэта патрабаванне закона, яно выканана", — падкрэсліла яна.

"Усе ведалі, што выбары будуць у жніўні, — дадала Ярмошына. — Гэта не сакрэт ні для каго, гэта пастаянна абмяркоўвалася. Таму збіраць групу на апошняй стадыі, калі ўжо наступіў гэты час, смажаны певень клюнуў, — гэта было проста непрыстойна з боку кандыдатаў. Гэта кажа аб тым, што яны прымалі рашэнне спантанна, яно не з`яўляецца дастаткова прадуманым".

Поўны тэкст інтэрв`ю з Лідзіяй Ярмошынай публікуе інтэрнэт-газета БелаПАН Naviny.by.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239