Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/25/ru_1044182_1044183/
Дата раздрукоўкі: 12.07.2020 19:22
25.05.2020 15:22 Грамадства

У Беларусі ад каранавіруса COVID-19 памерла ўжо больш за 200 чалавек

Мінск, 25 мая. Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 37.144, памерла 204 чалавекі, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерла яшчэ пяць чалавек, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 946, або на 2,6% (у папярэднія суткі было 954 новыя выпадкі і пяць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што пацыенты памерлі "з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй".

Ачунялі і выпісаныя 14.449 пацыентаў (+294 за суткі). Усяго праведзена 463.004 тэсты на каранавірус, у тым ліку за апошнія суткі — 12.377.

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, якія маюць патрэбу "ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання". Брыфінгі для журналістаў міністэрства не праводзіла ўжо чатыры тыдні.

Сёння Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па актуальных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях расказаў аб сітуацыі з захворваннем на каронавірус у рэгіёнах. "Калі, я часта кажу гэта апошні месяц, і далей так пойдзе, то будзем лічыць, што мы справіліся з божай дапамогай з гэтым захворваннем", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

"Пачалося гэта з Віцебска. Віцебск ужо канстатуе факт, што яны ўнізе па захворванні. Сведчаннем таго з'яўляецца, што мы бальніцы пачалі зачышчаць, вымываць — тыя, якія рыхтавалі як рэзерв для каранавіруса", — заявіў афіцыйны лідар.

Паводле яго сцвярджэння, аналагічная сітуацыя назіраецца і ў Мінску. "На плато ўжо знаходзімся, паводле заяў урачоў. Я, праўда, не такі аптымістычны з прычыны сваёй прымхлівасці", — падкрэсліў Лукашэнка. Тым не менш, грунтуючыся на развіцці сітуацыі, ужо і ў Мінску плануюць у найбліжэйшы час вяртаць да звычайнай працы шэраг лячэбных устаноў, у тым ліку анкалагічнага і гінекалагічнага профілю, бальніцу хуткай меддапамогі. "У прынцыпе, мы адчуваем, што нам ужо не спатрэбяцца гэтыя бальніцы ў Мінску (для лячэння хворых з каранавірусам. — БелаПАН.)", — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў "стабілізацыю захворвання і нават пэўнае зніжэнне" ў Мінскай вобласці. Паводле яго слоў, "нядрэнная сітуацыя" і ў Магілёўскай вобласці. "Калі так, то ў нас застануцца толькі дзве вобласці — Брэсцкая і Гомельская, — якія мы павінны кантраляваць. Яны пазней за ўсіх увайшлі ў гэты працэс, і спецыялісты кажуць пра тое, што яны пазней за ўсіх і выйдуць, на тыдзень дзесьці", — сказаў беларускі кіраўнік.

Паводле слоў Лукашенкі, ён штодня раніцай і ўвечары цікавіцца "адпаведнымі пытаннямі і праблемамі". "Ложкаў дастаткова. Цяжкіх менш стала. Мабыць, вірус ўсё-такі аслабеў ужо, вірулентнасць яго ўжо не тая. Дай бог, каб не тая, — сказаў Лукашэнка. — Але пры гэтым мы павінны трымаць у галаве другую хвалю. Ніхто не даказаў, што яна будзе, але мы павінны да гэтага рыхтавацца. І ніхто не ведае, калі яна прыйдзе. Калі зімой і восенню, то дай бог, каб мы сур'ёзна змаглі падрыхтавацца да гэтага. А можа быць, гэтая бяда нас абміне. Тым не менш расслабляцца нельга".

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239