Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/26/ru_1044281_123/
Дата раздрукоўкі: 15.07.2020 15:07
26.05.2020 13:05 Грамадства

Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі перавысіла 38 тысяч

Мінск, 26 мая. Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 38.059, памерла 208 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерлі яшчэ чатыры чалавекі, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 915, або на 2,4% (у папярэднія суткі было 946 новых выпадкаў і пяць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што памерлі пацыенты "з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй".

Паправіліся і выпісаныя 15.086 пацыентаў (+637 за суткі). Усяго праведзена 472.906 тэстаў на каранавірус, у тым ліку за апошнія суткі — амаль 10 тысяч.

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, якія маюць патрэбу "ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання".

25 мая Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях расказаў пра сітуацыю з захворваннем на каранавірус у рэгіёнах. "Калі, я часта кажу гэта апошні месяц, і далей так пойдзе, то будзем лічыць, што мы справіліся з божай дапамогай з гэтым захворваннем", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

"Пачалося гэта з Віцебска. Віцебск ужо канстатуе факт, што яны ўнізе па захворванні. Сведчаннем таго з'яўляецца, што мы бальніцы пачалі зачышчаць, вымываць — тыя, якія рыхтавалі як рэзерв для каранавіруса", — заявіў афіцыйны лідар.

Паводле яго сцвярджэння, аналагічная сітуацыя назіраецца і ў Мінску. "На плато ўжо знаходзімся, паводле заяў урачоў. Я, праўда, не такі аптымістычны з прычыны сваёй прымхлівасці", — падкрэсліў Лукашэнка. Тым не менш, грунтуючыся на развіцці сітуацыі, ужо і ў Мінску плануюць у найбліжэйшы час вяртаць да звычайнай працы шэраг лячэбных устаноў, у тым ліку анкалагічнага і гінекалагічнага профілю, бальніцу хуткай меддапамогі. "У прынцыпе, мы адчуваем, што нам ужо не спатрэбяцца гэтыя бальніцы ў Мінску (для лячэння хворых з каранавірусам. — БелаПАН.)", — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў "стабілізацыю захворвання і нават пэўнае зніжэнне" ў Мінскай вобласці. Паводле слоў Лукашэнкі, нядрэнная сітуацыя і ў Магілёўскай вобласці. "Калі так, то ў нас застануцца толькі дзве вобласці — Брэсцкая і Гомельская, — якія мы павінны кантраляваць. Яны пазней за ўсіх увайшлі ў гэты працэс, і спецыялісты кажуць пра тое, што яны пазней за ўсіх і выйдуць, на тыдзень дзесьці", — сказаў беларускі кіраўнік.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён штодня раніцай і ўвечары цікавіцца адпаведнымі пытаннямі і праблемамі. "Ложкаў дастаткова. Цяжкіх менш стала. Мабыць, вірус усё-такі аслабеў ужо, вірулентнасць яго ўжо не тая. Дай бог, каб не тая, — заявіў ён. — Але пры гэтым мы павінны трымаць у галаве другую хвалю. Ніхто не даказаў, што яна будзе, але мы павінны да гэтага рыхтавацца. І ніхто не ведае, калі яна прыйдзе. Калі зімой і восенню, то дай бог, каб мы сур'ёзна змаглі падрыхтавацца да гэтага. А можа быць, гэтая бяда нас абміне. Тым не менш расслабляцца нельга".

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239