Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/26/ru_1044344_778899/
Дата раздрукоўкі: 15.07.2020 13:50
26.05.2020 16:59 Грамадства, Эканоміка

Сусветны банк: Беларусь павінна прыняць дадатковыя меры па стрымліванні COVID-19

Мінск, 26 мая. Уладам Беларусі неабходна прыняць дадатковыя меры для таго, каб прадухіліць распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі. У іншым выпадку шкода для краіны будзе велізарнай, заявілі прадстаўнікі Сусветнага банка 26 мая падчас анлайн-прэзентацыі эканамічнага прагнозу СБ па Беларусі.

"Беларускі ўрад павінен прымаць меры па стрымліванні распаўсюджвання захворвання", — сказала старшы эканаміст СБ па Беларусі і Украіне Тэхміна Хан, адказваючы на пытанне БелаПАН аб тым, наколькі адэкватная рэакцыя беларускіх уладаў на пандэмію.

Яна звярнула ўвагу на тое, што цяпер Беларусь уваходзіць у шасцёрку вядучых краін у свеце па колькасці заражаных каранавірусам на мільён насельніцтва. "У Беларусі гэты паказчык большы, чым у ЗША, большы, чым у Расіі, і нават вышэйшы, чым у Швецыі. У Беларусі фіксуецца досыць вялікая колькасць новых хворых, і важна зараз стрымліваць распаўсюджванне захворвання, пакуль гэта не перарасло ў масавую эпідэмію", — падкрэсліла Хан.

Калі гэта адбудзецца, шкода для Беларусі будзе велізарнай, заявіла старшы эканаміст СБ. "Тады эканамічныя наступствы будуць для краіны значна большыя, а аднаўленне стане яшчэ больш складаным", — дадала яна.

У сваю чаргу кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка Алекс Крэмер паведаміў, што даследаванні СБ пацвярджаюць справядлівасць такой высновы. "Краіны, якія маюць самыя мяккія наступствы ад каранавіруса, вельмі рана ўвялі сур'ёзныя меры па сацыяльным дыстанцыяванні. Важна, каб дзяржорганы Беларусі адзначылі гэта для сябе", — сказаў Крэмер.

Паводле яго слоў, зараз Беларусь уваходзіць у крызіс, звязаны з каранавірусам, "ужо маючы складаную эканамічную сітуацыю". "У Беларусі каранакрызіс наклаўся на іншыя праблемы ў эканоміцы. Гэта доўгатэрміновыя праблемы, звязаныя з дзяржпрадпрыемствамі, неэфектыўным выкарыстаннем грашовых сродкаў, наступствы падатковага манеўру ў Расіі", — адзначыў Крэмер.

Таму патэнцыял для таго, каб аказваць падтрымку нацыянальнай эканоміцы ва ўмовах каранавіруснай інфекцыі, у беларускіх уладаў абмежаваны. "У гэтых умовах важна выкарыстоўваць меры сацыяльнага дыстанцыявання для зніжэння працягласці і амплітуды вось гэтага крызісу ў сферы аховы здароўя, каб людзі і краіна як мага хутчэй вярнуліся да нармальнай працы", — рэзюмаваў Крэмер.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя Беларусі, колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у краіне на 26 мая дасягнула 38.059, памерла 208 чалавек. За апошнія суткі агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 915, або на 2,4% (у папярэднія суткі было 946 новых выпадкаў).

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239