Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/28/ru_1044562_1044563/
Дата раздрукоўкі: 28.09.2020 04:59
28.05.2020 13:28 Грамадства

Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 39.858

Мінск, 28 мая. Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 39.858, памерла 219 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерла яшчэ пяць чалавек, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 902, або на 2,3% (у папярэднія суткі было 897 новых выпадкаў і шэсць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што пацыенты памерлі "з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй".

Ачунялі і выпісаныя 16.660 пацыентаў (+737 за суткі). Усяго праведзена 499.249 тэстаў на каранавірус, у тым ліку за апошнія суткі — 13,7 тысячы.

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, якія маюць патрэбу "ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання". Другі месяц Міністэрства аховы здароўя не праводзіць прэс-мерапрыемствы.

26 мая падчас анлайн-прэзентацыі эканамічнага прагнозу па Беларусі прадстаўнікі Сусветнага банка (СБ) рэкамендавалі беларускім уладам прыняць дадатковыя меры для таго, каб прадухіліць распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі. У адваротным выпадку шкода для краіны акажацца велізарнай, заявілі яны. "Беларускі ўрад павінен прымаць меры па стрымліванні распаўсюджвання захворвання", — сказала старшы эканаміст СБ па Беларусі і Украіне Тэхміна Хан.

Яна звярнула ўвагу на тое, што цяпер Беларусь уваходзіць у шасцёрку вядучых краін у свеце па колькасці заражаных каранавірусам на мільён насельніцтва. "У Беларусі гэты паказчык большы, чым у ЗША, большы, чым у Расіі, і нават вышэйшы, чым у Швецыі. У Беларусі фіксуецца досыць вялікая колькасць новых хворых, і важна цяпер стрымліваць распаўсюджванне захворвання, пакуль гэта не перарасло ў масавую эпідэмію", — падкрэсліла Хан.

Калі гэта адбудзецца, шкода для Беларусі будзе велізарнай, заявіла старшы эканаміст СБ. "Тады эканамічныя наступствы будуць для краіны значна большыя, а аднаўленне стане яшчэ больш складаным", — дадала яна.

У сваю чаргу кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка Алекс Крэмер паведаміў, што даследаванні СБ пацвярджаюць справядлівасць такой высновы. "Краіны, якія маюць самыя мяккія наступствы ад каранавіруса, вельмі рана ўвялі сур'ёзныя меры па сацыяльным дыстанцыяванні. Важна, каб дзяржорганы Беларусі адзначылі гэта для сябе", — сказаў Крэмер.

Паводле яго слоў, цяпер Беларусь уваходзіць у крызіс, звязаны з каранавірусам, "ужо маючы складаную эканамічную сітуацыю". "У Беларусі каранакрызіс наклаўся на іншыя праблемы ў эканоміцы. Гэта доўгатэрміновыя праблемы, звязаныя з дзяржпрадпрыемствамі, неэфектыўным выкарыстаннем грашовых сродкаў, наступствы падатковага манеўру ў Расіі", — адзначыў Крэмер.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239