Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/28/ru_1044619_1044620/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 15:10
28.05.2020 17:49 Грамадства

СААЗ: Беларусь увайшла ў пяцёрку краін Еўропы з найбольшай колькасцю выпадкаў COVID-19 за апошнія два тыдні

Мінск, 28 мая. Беларусь увайшла ў пяцёрку краін Еўропы з найбольшай колькасцю зарэгістраваных выпадкаў заражэння COVID-19 за апошнія два тыдні. Пра гэта падчас анлайн-брыфінгу 28 мая паведаміў дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ханс Клюге.

Стэнаграму яго выступлення распаўсюдзіла прэс-служба бюро.

Акрамя Беларусі ў першую пяцёрку ўвайшлі Расія, Вялікабрытанія, Турцыя і Італія. Усяго ў зоне адказнасці Еўрапейскага бюро СААЗ 53 краіны з насельніцтвам каля 900 млн чалавек, у якіх пацверджана больш за 2 млн выпадкаў заражэння і зафіксавана звыш 175 тыс. смерцяў ад каранавіруса.

Клюге адзначыў, што на фоне пандэміі Еўропа ўваходзіць у фазу эканамічнага спаду, але разам з тым ён перасцерагае краіны ад таго, каб з-за гэтага яны скарачалі дзяржаўныя выдаткі на ахову здароўя.

"Сёння нашым прыярытэтам павінна стаць інвеставанне ў ахову здароўя, у сацыяльную абарону і перш за ўсё пазбяганне жорсткай эканоміі, якая разбурыла жыцці многіх у Еўропе. Інвеставанне ў ахову здароўя і сацыяльную абарону — асабліва ва ўмовах нестабільнай эканомікі — з`яўляецца прыкметай адказных палітычных дзеянняў", — падкрэсліў дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ.

Клюге перакананы, што краінам рэгіёну пасля аднаўлення трэба будзе пераходзіць да т. зв. эканомікі дабрабыту, якая "ставіць у цэнтр людзей; забяспечвае сістэму падтрымкі для кожнага і абараняе тых, хто на перадавой; спрыяе зялёнаму клімату і экалагічнай устойлівасці".

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на 28 мая колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 39.858, памерла 219 чалавек.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239