Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/29/ru_1044699_1044700/
Дата раздрукоўкі: 15.07.2020 00:03
29.05.2020 13:22 Эканоміка

Лукашэнка: На Захадзе ўжо дзікае беспрацоўе, людзі каструлямі барабаняць — мы гэтага пазбеглі

Мінск, 29 мая. Аляксандр Лукашэнка адзначае правільнасць прынятага ў Беларусі рашэння не спыняць у цяперашняй сітуацыі вытворчасці. Пра гэта ён заявіў 29 мая пры наведванні Мінскага трактарнага завода.

"На багатым Захадзе ўжо дзікае беспрацоўе, людзі каструлямі барабаняць. Дзякуй богу, што мы гэтага пазбеглі, не закрыліся", — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Было адзначана, што цяпер МТЗ працуе устойліва, ёсць нават вакансіі. "Тое, што я казаў. Нам не трэба спяшацца, з верталёта грошы раскідваць. Ёсць працоўныя месцы", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнку далажылі аб працы як галаўнога прадпрыемства, так і іншых, якія ўваходзяць у холдынг, планах па развіцці вытворчасці, распрацоўках, якія вядуцца, у тым ліку ў сферы дакладнага земляробства. Як расказаў генеральны дырэктар МТЗ Віталь Воўк, на прадпрыемстве вядуцца распрацоўкі, якія дазволяць выйсці на асваенне беспілотнага трактара да 2030 года.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што важна не толькі вырабляць прадукцыю, але і рабіць гэта якасна, тады не ўзнікне праблем са збытам. Гаворка ішла і аб развіцці вытворчасцяў за мяжой.

Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі ўзоры тэхнікі, якая выпускаецца прадпрыемствам. У прыватнасці, былі прадстаўлены новыя рухавікі з сістэмай ачысткі адпрацаваных газаў, вырабленыя для МТЗ на Мінскім маторным заводзе, энерганасычаныя і звышмагутныя трактары. Асобную ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на снегаўшчыльняльную і лёдазалівачную машыны. "Прыйдзе зіма, пакажаце, паглядзім", — сказаў ён.

Беларускі кіраўнік наведаў таксама корпус зборкі трактароў, дзе яму далажылі аб вытворчасці рознага роду камплектуючых, якія вырабляюцца на прадпрыемстве па праграме імпартазамяшчэння.

Размаўляючы з калектывам Мінскага трактарнага завода, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў значэнне МТЗ, які з`яўляецца брэндам краіны. "Я перш за ўсё хачу вас усіх павіншаваць з днём нараджэння (прадпрыемства. — заўв.). Гэта выдатны завод, твар нашай краіны, гэта брэнд", — сказаў Лукашэнка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.  

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239