Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/30/ru_1044826_874512/
Дата раздрукоўкі: 03.08.2020 14:59
30.05.2020 13:30 Палітыка, Грамадства

Блогер Ціханоўскі і яго прыхільнікі ўтрымліваюцца ў міліцыі Гродна

Гродна, 30 мая. Блогер Сяргей Ціханоўскі і яшчэ не менш за дзесяць чалавек, затрыманых у Гродне падчас і пасля перадвыбарнага пікета па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам на пасаду прэзідэнта, утрымліваюцца ў розных РАУС горада, паведамляюць праваабаронцы і актывісты.

Жыхар Гродна Аляксандр Фурманаў сказаў БелаПАН, што ў Кастрычніцкім РАУС абласнога цэнтра знаходзіцца яго сын Дзмітрый Фурманаў, каардынатар штаба Святланы Ціханоўскай па Гродзенскай вобласці. Дзмітрый збіраў подпісы ў падтрымку патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай 29 мая на пікеце ў Гродне. Да яго са спіны падышлі чацвёра чалавек у цывільным адзенні, паднялі разам з крэслам і аднеслі ў міліцэйскі мікрааўтобус.

Як паведаміў Аляксандр Фурманаў, яму пацвердзілі, што ў Кастрычніцкім РАУС знаходзіцца і блогер Сяргей Ціханоўскі.

Раніцай 30 мая ў Гродне таксама затрымалі члена не зарэгістраванага ў краіне Беларускага нацыянальнага кангрэса Мікалая Саляніка, паведаміў БелаПАН гродзенскі актывіст Сяргей Верамеенка.

Салянік выступіў на пікеце Святланы Ціханоўскай у Гродне 29 мая. Ён разам з іншымі гродзенцамі пазней прыйшоў падтрымаць затрыманага Ціханоўскага да будынка міліцыі.

Раніцай 30 мая Салянік наведаў Кастрычніцкі РАУС Гродна, каб атрымаць інфармацыю пра людзей, затрыманых падчас пікета Святланы Ціханоўскай. Яго перанакіравалі ва ўпраўленне ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама. Там да яго пад`ехаў мікрааўтобус, з якога выйшлі людзі і паведамілі, што ў дачыненні да Саляніка вядзецца адміністрацыйная справа. Яго затрымалі.

Паводле звестак праваабарончага сайта spring96.org, 29 і 30 мая ў Гродне падчас і пасля перадвыбарнага пікета па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам на пасаду прэзідэнта было затрымана больш за 10 чалавек, у тым ліку кіроўца і аператар Ціханоўскага. Аднаму з затрыманых, Станіславу Бакіноўскаму, стала дрэнна, яго адвезлі ў кардыялагічны дыспансер. На 10.30 30 мая ён знаходзіўся там у рэанімацыі. За ім сачыла міліцыя.

Аўтар youtube-канала "Краіна для жыцця" Сяргей Ціханоўскі — муж і кіраўнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Блогер быў затрыманы ўвечары 29 мая ў Гродне. "Спачатку да Ціханоўскага падышлі жанчыны і сталі задаваць яму правакацыйныя пытанні і чапаць яго за адзенне. Сяргей адыходзіў ад іх, але яны ўсё роўна даганялі яго. Затым падышлі два міліцыянты, і людзі сталі засланяць блогера ад іх. Затым раптоўна на зямлю ўпаў адзін з міліцыянтаў. Неўзабаве з`явіўся АМАП і затрымаў блогера", — адзначалася ў паведамленні праваабаронцаў.

У заяве, размешчанай на youtube-канале MozgOn, Святлана Ціханоўская заявіла, што 29 мая ў Гродне падчас пікета "была здзейсненая брудная правакацыя" ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага.

"Мяркуючы па відэа, была правакацыя. Я адказна заяўляю, што пікет меў законны і мірны характар. У сувязі з гэтым я патрабую неадкладна вызваліць кіраўніка маёй ініцыятыўнай групы. Інакш я буду расцэньваць гэта як парушэнне маіх канстытуцыйных правоў і націск на прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", — сказала Ціханоўская.

Адпаведныя заявы, паводле яе слоў, будуць пададзеныя ў ЦВК і МУС.

Марына Харэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239