Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/30/ru_1044835_112255/
Дата раздрукоўкі: 03.08.2020 15:08
30.05.2020 15:24 Грамадства, Палітыка

Пасля затрымання Ціханоўскага ў Гродне распачатая крымінальная справа

Мінск, 30 мая. Паводле вынікаў падзей, якія адбыліся 29 мая ў Гродне, распачатая крымінальная справа за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў у тэлеграм-канале.

"29 мая ў Гродне на Савецкай плошчы былі затрыманыя асобы, у тым ліку раней судзімыя, неаднаразова прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, якія ўжылі гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі Ленінскага РАУС з мэтай перашкодзіць іх законнай дзейнасці. Сярод затрыманых гомельскі блогер Сяргей Ціханоўскі", — гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага прадстаўніка МУС Вольгі Чамаданавай.

Адзначаецца, што "двум міліцыянерам прычыненыя цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжару, яны ў цяперашні час шпіталізаваныя".

"Следчымі распачатая крымінальная справа за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў", — гаворыцца ў паведамленні.

Пра колькасць затрыманых і іх месцазнаходжанне прэс-служба МУС не інфармуе.

Як раней паведаміў БелаПАН, блогер Сяргей Ціханоўскі і яшчэ не менш як 10 чалавек былі затрыманыя ў Гродне 29 і 30 мая падчас і пасля перадвыбарнага пікета па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам на пасаду прэзідэнта.

Аўтар youtube-канала "Краіна для жыцця" Сяргей Ціханоўскі — муж і кіраўнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Блогер быў затрыманы ўвечары 29 мая ў Гродне. "Спачатку да Ціханоўскага падышлі жанчыны і сталі задаваць яму правакацыйныя пытанні і чапаць яго за адзенне. Сяргей адыходзіў ад іх, але яны ўсё роўна даганялі яго. Затым падышлі два міліцыянты, і людзі сталі засланяць блогера ад іх. Затым раптоўна на зямлю ўпаў адзін з міліцыянтаў. Неўзабаве з`явіўся АМАП і затрымаў блогера", — паведаміў праваабарончы сайт spring96.org.

Паводле звестак праваабаронцаў, сярод затрыманых падчас і пасля пікета па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам на пасаду прэзідэнта былі кіроўца і аператар Сяргея Ціханоўскага. Аднаму з затрыманых стала дрэнна, яго адвезлі ў кардыялагічны дыспансер.

У заяве, размешчанай на youtube-канале MozgOn, Святлана Ціханоўская заявіла, што 29 мая ў Гродне падчас пікета "была здзейсненая брудная правакацыя" ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага.

"Мяркуючы па відэа, была правакацыя. Я адказна заяўляю, што пікет меў законны і мірны характар. У сувязі з гэтым я патрабую неадкладна вызваліць кіраўніка маёй ініцыятыўнай групы. Інакш я буду расцэньваць гэта як парушэнне маіх канстытуцыйных правоў і націск на прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", — сказала Ціханоўская.

Адпаведныя заявы, паводле яе слоў, будуць пададзеныя ў ЦВК і МУС.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239