Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/31/ru_1044889_123/
Дата раздрукоўкі: 07.08.2020 19:17
31.05.2020 13:38 Палітыка, Грамадства

Па ўсёй Беларусі затрымліваюць прыхільнікаў Ціханоўскага

Мінск, 31 мая. Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманне не менш як 17 грамадскіх актывістаў. Затрыманні адбываюцца на фоне сённяшніх пікетаў у розных гарадах Беларусі па зборы подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай у якасці кандыдата ў прэзідэнты.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, у ліку затрыманых — Уладзімір Мароз (Кобрын), Валерый Рамановіч (Пінск), Аляксандр Мілюк (Масты), Валянцін Троцкі (Мінск), Вераніка Мішчанка (Мінск), Валерый Епіфанаў (Гродна), Ганна Раманцэвіч (Шчучын), Тамара Патоцкая (Баранавічы), Аляксей Сюдак (Вілейка), Алесь Абрамовіч (Маладзечна), Мікалай Статкевіч (Мінск), Алег Баразна (Віцебск), Іван Рэмязоўскі (Гомель) і яшчэ як мінімум чатыры чалавекі.

Блогер Сяргей Ціханоўскі і група яго прыхільнікаў (каля дзесяці чалавек) былі затрыманыя ў Гродне 29 і 30 мая падчас і пасля перадвыбарнага пікета па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай. Паводле паведамлення МУС, распачатая крымінальная справа за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

"29 мая ў Гродне на Савецкай плошчы былі затрыманыя асобы, у тым ліку раней судзімыя, неаднаразова прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, якія ўжылі гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі Ленінскага РАУС з мэтай перашкодзіць іх законнай дзейнасці. Сярод затрыманых гомельскі блогер Сяргей Ціханоўскі", — гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага прадстаўніка МУС Вольгі Чамаданавай. Адзначаецца, што "двум міліцыянерам прычыненыя цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжару, яны ў цяперашні час шпіталізаваныя".

30 мая стала вядома, што Сяргея Ціханоўскага і яшчэ сем чалавек перавезлі ў Мінск, паведаміў сайт spring96.org са спасылкай на Святлану Ціханоўскую. Зараз яны знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама на завулку Акрэсціна.

Святлана Ціханоўская выступіла з заявай, у якой паведаміла, што 29 мая ў Гродне падчас пікета "была ўчыненая брудная правакацыя" ў дачыненні да яе мужа і кіраўніка яе ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага. "Я адказна заяўляю, што пікет насіў законны і мірны характар. У сувязі з гэтым я патрабую неадкладна вызваліць кіраўніка маёй ініцыятыўнай групы. Інакш я буду расцэньваць гэта як парушэнне маіх канстытуцыйных правоў і націск на прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", — заявіла Ціханоўская. Яна таксама паведаміла, што падасць адпаведныя заявы ў ЦВК і МУС.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239