Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/31/ru_1044935_1044936_123/
Дата раздрукоўкі: 07.08.2020 19:08
31.05.2020 17:58 Палітыка, Грамадства

Па ўсёй Беларусі затрымліваюць прыхільнікаў Сяргея Ціханоўскага (абноўлена)

Мінск, 31 мая. Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманне 31 мая больш як 20 грамадскіх актывістаў. Затрыманні прайшлі на фоне пікетаў па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты ў розных гарадах краіны.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, у ліку затрыманых — Уладзімір Мароз (Кобрын), Валерый Рамановіч (Пінск), Аляксандр Мілюк (Масты), Валянцін Троцкі (Мінск), Вераніка Мішчанка (Мінск), Валерый Епіфанаў (Гродна), Ганна Раманцэвіч (Шчучын), Тамара Патоцкая (Баранавічы), Аляксей Сюдак (Вілейка), Алесь Абрамовіч (Маладзечна), Мікалай Статкевіч (Мінск), Алег Баразна (Віцебск), Аляксандр Ільінец (Віцебск), Аляксей Саламаненка (Віцебск), Іван Рэмязоўскі (Гомель), Дзяніс Урбановіч (Мінск), Святлана Нарыскіна (Гомель), Анатоль Данількевіч (Брэст) і яшчэ як мінімум чатыры чалавекі.

У Мінску на плошчы перад Камароўскім рынкам сёння праходзяць пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкалы, Віктара Бабарыкі, Мікалая Казлова і Андрэя Дзмітрыева.

Пікет за вылучэнне Ціханоўскай, жонкі аўтара youtube-канала "Краіна для жыцця" Сяргея Ціханоўскага, перарос у стыхійны мітынг за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі. Паводле падлікаў праваабаронцаў, ля Камароўскага рынку сабралася больш за дзве тысячы чалавек.

Блогер Сяргей Ціханоўскі і група яго прыхільнікаў (каля дзесяці чалавек) былі затрыманыя ў Гродне 29 і 30 мая падчас і пасля перадвыбарнага пікета па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай. Паводле паведамлення МУС, распачатая крымінальная справа за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

"29 мая ў Гродне на Савецкай плошчы былі затрыманыя асобы, у тым ліку раней судзімыя, неаднаразова прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, якія ўжылі гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі Ленінскага РАУС з мэтай перашкодзіць іх законнай дзейнасці. Сярод затрыманых гомельскі блогер Сяргей Ціханоўскі", — гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага прадстаўніка МУС Вольгі Чамаданавай. Адзначаецца, што "двум міліцыянерам прычыненыя цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжару, яны ў цяперашні час шпіталізаваныя".

30 мая стала вядома, што Сяргея Ціханоўскага і яшчэ сем чалавек перавезлі ў Мінск, паведаміў сайт spring96.org са спасылкай на Святлану Ціханоўскую. Зараз яны знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама на завулку Акрэсціна.

Святлана Ціханоўская выступіла з заявай, у якой паведаміла, што 29 мая ў Гродне падчас пікета "была ўчыненая брудная правакацыя" ў дачыненні да яе мужа і кіраўніка яе ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага. "Я адказна заяўляю, што пікет насіў законны і мірны характар. У сувязі з гэтым я патрабую неадкладна вызваліць кіраўніка маёй ініцыятыўнай групы. Інакш я буду расцэньваць гэта як парушэнне маіх канстытуцыйных правоў і націск на прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", — заявіла Ціханоўская. Яна таксама паведаміла, што падасць адпаведныя заявы ў ЦВК і МУС.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239