Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/31/ru_1044947_102036/
Дата раздрукоўкі: 07.08.2020 18:28
31.05.2020 21:21 Палітыка

Каманда Бабарыкі апублікавала дэкларацыю аб сумленных выбарах і заклікае ўсіх грамадзян Беларусі падтрымаць яе

Мінск, 31 мая. Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка і яго каманда апублікавалі дэкларацыю аб сумленных выбарах, якую прапануюць падтрымаць усім грамадзянам Беларусі.

"Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь. І я сапраўды маю права абіраць і быць абраным. І паводле Канстытуцыі, і па сумленні, — гаворыцца ў дэкларацыі. — Сцвярджаць, што я за кагосьці прагаласую ці не прагаласую, маю права толькі я. Я не хачу, каб у дачыненні да майго магчымага выбару рабіліся заявы, якія дыскрымінуюць людзей па гендарнай, нацыянальнай або прафесійнай прыкмеце. Я хачу і маю права на сумленныя выбары, свабодныя ад непрыстойных і правакацыйных паводзінаў. Я магу і павінен зрабіць усё, каб забяспечыць сваё права на выбар. Я не хачу, каб мяне прымушалі галасаваць ці ставіць за кагосьці подпіс. Не хачу чуць абраз ці пагроз у бок прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта і не хачу бачыць рэалізацыю гэтых пагроз, асабліва з дапамогай праваахоўных органаў. Я не хачу чуць галаслоўных абвінавачанняў прэтэндэнтаў у злачынствах або парушэннях: калі гэта праўда, я хачу, каб усе вядомыя факты аб правапарушэннях неадкладна перадаваліся ў праваахоўныя органы для распачынання крымінальных спраў або адмовы ў рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты".

"Я ведаю, што мой абавязак перад грамадствам — паведамляць аб парушэннях правоў на сумленны выбар. Я разумею сваю адказнасць і не дапушчу несумленных выбараў і незаконных паводзінаў ні ў дачыненні да сябе, ні ў дачыненні да сваіх сяброў, родных і знаёмых. Я ведаю, што абавязак грамадства і мой асабісты абавязак — падтрымаць кожнага прыстойнага грамадзяніна, які сказаў праўду і сутыкнуўся з пераследам. Кожны мае права на бяспеку і не павінен турбавацца за сваё жыццё або жыццё сваіх блізкіх пры рэалізацыі выбарчых правоў", — гаворыцца ў дэкларацыі.

Бабарыка і яго каманда заклікаюць грамадзян, якіх прымушаюць ставіць подпісы за вылучэнне каго-небудзь кандыдатам на пасаду прэзідэнта, адкрыта заяўляць аб правапарушэннях. "Калі вас звольняць або пазбавяць прэміі, мы будзем арганізоўваць юрыдычную, фінансавую і іншую падтрымку", — абяцаюць аўтары дакумента.

Яны заклікаюць падтрымаць дэкларацыю ўсіх грамадзян Беларусі, у асаблівасці членаў выбарчых камісій, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных служачых.

У дэкларацыі ўтрымліваецца заклік "паведамляць пра любы факт прымусу або подкупу з мэтай паўплываць на выбарчыя правы, а таксама выпадкі скажэння статыстыкі, утойвання ад грамадства праўдзівых звестак аб сітуацыях, якія пагражаюць бяспецы, у тым ліку аб санітарнай сітуацыі".

Каманда Бабарыкі заклікае грамадзян па свайму выбару падтрымаць подпісам усіх асоб, якія вылучаюцца кандыдатам у прэзідэнты, выступіць валанцёрам для кандыдатаў, пагадзіцца на вылучэнне ці падтрымаць вылучэнне ў члены выбарчых камісій, удзельнічаць у назіранні, падтрымаць тых, хто зведае незаконны і несправядлівы пераслед або нягоды.

Бабарыка заклікае ўсіх патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты публічна выказаць сваю салідарнасць і далучыцца да дэкларацыі.

Каманда Бабарыкі паведамляе, што 1 чэрвеня падасць заявы "аб вядомых фактах парушэння заканадаўства ў сферы ўдзелу адміністрацыі ў зборы подпісаў, подкупу, прымусу выбаршчыкаў". "Просім паведамляць пра ўсе такія факты! Як толькі мы атрымаем інфармацыю, мы дапоўнім свой зварот. Праўду казаць лёгка і прыемна — чым больш грамадзян раскажуць пра факты парушэння заканадаўства, тым чысцейшыя будуць выбары".

"Намі будзе арганізаваная прамая тэлефонная лінія, прапанаваныя формы заяў аб парушэннях, арганізаваная дапамога ў падачы заяў. Калі хто-небудзь з вас зведае пераслед, мы звяжам вас з тымі, хто можа дапамагчы. Заклікаем дапамагаць адзін аднаму і не баяцца дзейнічаць законна", — абяцае каманда прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта.

Вольга Быкоўская, БелаПАН

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239