Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/05/31/ru_1044950_445566/
Дата раздрукоўкі: 07.08.2020 18:37
31.05.2020 21:08 Палітыка

Праваабаронцы абвясцілі Сяргея Ціханоўскага палітвязнем і патрабуюць яго вызвалення

Мінск, 31 мая. Чатыры праваабарончыя арганізацыі Беларусі — закрыты ўладамі цэнтр "Вясна", Беларускі Хельсінкскі камітэт, "Прававая ініцыятыва" і Офіс па правах людзей з інваліднасцю — патрабуюць ад уладаў неадкладна вызваліць блогера Сяргея Ціханоўскага і спыніць яго крымінальны пераслед.

Як адзначаецца ў заяве, апублікаванай на праваабарончым сайце spring96.org, блогер папулярнага youtube-канала "Краіна для жыцця" Сяргей Ціханоўскі і яшчэ як мінімум 15 грамадзян былі затрыманыя 29 мая ў Гродне падчас пікета па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Паводле інфармацыі журналістаў, якія непасрэдна прысутнічалі пры правядзенні пікета і вялі анлайн-трансляцыю, сход праходзіў мірна, у адпаведнасці з законам. Затрыманне адбылося пасля "відавочна незаконнага ўмяшання супрацоўнікаў міліцыі ў камунікацыю грамадзян з кіраўніком ініцыятыўнай групы Сяргеем Ціханоўскім".

30 мая МУС паведаміла пра распачынанне крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, удзел у якім нібыта браў Ціханоўскі і іншыя затрыманыя. На гэты момант вядома, што Ціханоўскі і яго прыхільнікі знаходзяцца ў сталіцы, у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама на Акрэсціна.

"Падзеі, якія папярэднічалі затрыманню, — заявы дзейнага кіраўніка дзяржавы А.Лукашэнкі падчас наведвання МТЗ на адрас Ціханоўскага, спроба перашкодзіць і стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце з боку некалькіх жанчын, незаконнае ўмяшанне і затрыманне С.Ціханоўскага супрацоўнікамі міліцыі, дэманстратыўнае падзенне на зямлю міліцыянера і наступная рэакцыя на інцыдэнт дзяржаўных СМІ — дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што ў дачыненні да С.Ціханоўскага магла быць здзейсненая правакацыя", — заяўляюць праваабаронцы.

Яны нагадваюць, што гэта не першы выпадак пераследу Ціханоўскага за рэалізацыю ім законнага права на мірныя сходы, выказванне меркавання, распаўсюджванне і збор інфармацыі. За ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй у снежні мінулага года, а таксама за правядзенне сустрэч з жыхарамі розных гарадоў Беларусі блогер асуджаны ўвогуле на 45 дзён арышту.

Праваабаронцы нагадваюць, што Ціханоўскага, які заяўляў пра свой намер удзельнічаць у выбарах, ізалявалі перад падачай дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў ЦВК.

"Усе пералічаныя факты дазваляюць зрабіць высновы аб наяўнасці палітычнага матыву з боку ўладаў у пераследзе С.Ціханоўскага, скіраванага на нядобраахвотнае спыненне або змяненне ягонай публічнай дзейнасці", — адзначаюць праваабаронцы.

"Гэта дазваляе нам заявіць, што крымінальны пераслед С.Ціханоўскага з'яўляецца палітычна матываваным, а сам Ціханоўскі — палітычным зняволеным", — падкрэсліваецца ў заяве.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239