Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/06/02/ru_1045176_500124/
Дата раздрукоўкі: 07.08.2020 19:17
02.06.2020 14:27 Эканоміка, Грамадства

Аналітыкі "Ашчадбанка" бачаць рызыкі хуткага распаўсюджвання COVID-19 у Беларусі

Мінск, 2 чэрвеня. У сувязі з адмовай беларускіх уладаў уводзіць каранцінныя меры глыбокага эканамічнага спаду, магчыма, удасца пазбегнуць, але пры гэтым краіна можа сутыкнуцца з больш сур'ёзнай медыцынскай праблемай. Такая ацэнка змяшчаецца ў аглядзе, які падрыхтаваў цэнтр макраэканамічных даследаванняў расійскага "Ашчадбанка".

Як адзначаюць аналітыкі, свядомая адмова ад ўвядзення каранцінных мер дазволіла беларускай эканоміцы прадэманстраваць меншы спад у параўнанні з іншымі краінамі рэгіёна, "прычым нават нягледзячы на прыпыненне паставак нафты у пачатку года".

"Паводле нашай ацэнкі, эканоміка Расіі скарацілася ў красавіку на 10—15% (у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года), Украіны — на 11%, Казахстана — на 7,5%, а зніжэнне выпуску ў Беларусі склала 4,3%", — гаворыцца ў аглядзе.

Аднак у такой палітыкі беларускіх уладаў ёсць і зваротны бок, падкрэсліваюць у "Ашчадбанку". "Зваротным бокам адносна нядрэнных вынікаў стаў імклівы рост колькасці хворых. Як у абсалютным, так і ў адносным выражэнні Беларусь істотна апярэджвае вышэйпералічаныя краіны па колькасці інфікаваных", — адзначаюць яны.

Беларуская эканоміка, згодна з ацэнкай экспертаў, "знаходзіцца ў цяжкім стане з-за падзення цэн на нафту і рэзкага сціскання знешняга попыту". "Зніжэнне попыту прымушае прадпрыемствы павялічваць рэшткі на складах: запасы гатовай прадукцыі на 1 мая складалі 79% ад сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці супраць 65% годам раней", — гаворыцца ў аглядзе.

Раней аналітыкі "Ашчадбанка" прагназавалі, што з-за зніжэння знешняга попыту эканоміка Беларусі сёлета можа скараціцца на 6—8%. У сувязі з адмовай уладаў уводзіць каранцінныя меры глыбокага эканамічнага спаду, магчыма, удасца пазбегнуць, але пры гэтым краіна можа сутыкнуцца з больш сур'ёзнай медыцынскай праблемай.

"Мы зрушваем дыяпазон скарачэння ВУП з папярэдніх 6—8% да 4—6%, асобна адзначаючы наяўнасць істотных рызык, звязаных з хуткім распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі ўнутры краіны", — падкрэсліваюць эксперты.

Паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя, на 1 чэрвеня ў Беларусі было 43.403 пацверджаныя выпадкі каранавіруснай інфекцыі COVID-19, памерла 240 чалавек.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239