Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/06/04/ru_1045516_123/
Дата раздрукоўкі: 18.05.2021 17:06
04.06.2020 15:31 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка пра патэнцыйных кандыдатаў: Краіну яны не атрымаюць

Мінск, 4 чэрвеня. Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 4 чэрвеня рэзка раскрытыкаваў асобных патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты і заявіў, што "краіну яны не атрымаюць".

"У мяне складваецца ўражанне, што яны сапраўды прыйшлі і за нечыя грошы, а вы бачыце, за чые грошы, хочуць перавярнуць краіну, дэстабілізаваць абстаноўку", — сказаў Лукашэнка, фрагмент выступу якога апублікаваў тэлеграм-канал "Пул першага".

"Дык вось, не буду на гэты конт доўга казаць. Запомніце вы і ўсе, хто мяне пачуе: краіну яны не атрымаюць! Мы яе два з лішнім дзясяткі гадоў, збіраючы драбкі, ствараючы вось гэтую росквітную краіну, рабілі не для таго, каб яны прыватызавалі яе і пусцілі па свеце гэтых небарак, якія заўсёды пад бізуном хадзілі. Мы ім не дазволім падзяліць Беларусь, як гэта было ў 39-м годзе. Успомніце — там былі свядомыя, незалежныя, ваявалі за незалежнасць. Пад Мінскам мяжа была заходняя, усходняя частка знаходзілася, хай трохі, у Расійскай імперыі, а нам засталася палосачка — і мы ваявалі за незалежнасць. За якую незалежнасць? За гэтую палосачку змагаліся", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Нам дасталася краіна. Мы стварылі першую незалежную дзяржаву. Адносна яшчэ пакуль незалежную, суверэнную. І мы гэтую краіну нікому не аддамо! Каб з яе здзекаваліся, дэстабілізавалі кожны дзень, парвалі на кавалкі і камусьці аддалі. Я хачу, каб гэта ўсе пачулі. І каб вы — тыя, хто яшчэ там неяк варушыцца, бадзяецца і не разумее — запомнілі гэта. У гэтай краіне маё жыццё, і многіх з вас", — заявіў Лукашэнка.

"Мы стварылі сваю краіну, дзе могуць жыць нашы дзеці. Сёння той момант, калі яе трэба адстаяць, абараніць. Вы бачыце, што нас на часткі разрываюць", — прыводзіць таксама словы беларускага кіраўніка яго прэс-служба.

"Некаторыя думаюць: вось зараз з неба ўсё зваліцца. Глядзіце, каб у Сірыю не паехалі ваяваць і ў Лівію. І не дай бог за свае кавалкі зямлі прыйдзецца ваяваць, адстойваючы іх. Хачу звярнуць увагу некаторых беларусаў на гэта. Любыя рашэнні мы павінны прымаць тут, у інтарэсах беларускага народа, і ў нас ёсць усе магчымасці для гэтага", — падкрэсліў Лукашэнка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239