Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/06/05/ru_1045749_1045750/
Дата раздрукоўкі: 07.08.2020 18:37
05.06.2020 19:59 Палітыка, Грамадства

Эксперты ААН: Улады Беларусі павінны спыніць рэпрэсіі

Мінск, 5 чэрвеня. Група экспертаў ААН выказала сур'ёзную занепакоенасць у сувязі з узмацненнем рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, заявіўшы, што ўлады краіны павінны абараняць права на свабоду выказвання меркавання і спыніць душыць крытыку, паведамляе Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

Як адзначаецца ў заяве экспертаў ад 5 чэрвеня, у маі не менш за 195 чалавек — праваабаронцы, журналісты, блогеры, медыцынскія работнікі і іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці — былі арыштаваныя за тое, што яны выказалі свае погляды, або за ўдзел у мірных акцыях пратэсту і пікетах для збору подпісаў і вылучэння кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 9 жніўня.

"Мы сур'ёзна занепакоеныя тым, што гэтыя арышты, звязаныя з ажыццяўленнем свабоды мірных сходаў і свабоды меркаванняў і іх выказвання, аказваюць негатыўнае ўздзеянне на грамадзянскую супольнасць, незалежную прэсу і бесперашкоднае выказванне асаблівай думкі", — падкрэсліла спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын.

Большасць інцыдэнтаў адбылася пасля затрымання 6 мая вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага. Яго арышт выклікаў пратэсты па ўсёй краіне, падчас якіх дэманстранты патрабавалі яго вызвалення, канстатуюць эксперты ААН. Знаходзячыся ў зняволенні, Ціханоўскі абвясціў аб сваім намеры балатавацца ў прэзідэнты. Аднак яго рэгістрацыя была адхіленая, і гэта рашэнне выклікала новыя пратэсты ў некалькіх беларускіх гарадах, асабліва ў Гродне, дзе ён быў пасля паўторна арыштаваны 29 мая.

"Да цяперашняга часу прынамсі 72 чалавекі былі аштрафаваныя і 69 чалавек былі арыштаваныя на тэрмін да 15 сутак пазбаўлення волі па абвінавачанні ў парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў", — канстатуюць у ААН.

"Мы занепакоеныя тым, што абвінавачанні могуць быць выкарыстаныя ў якасці інструмента, каб задушыць крытычныя галасы апазіцыйных кандыдатаў, праваабаронцаў, журналістаў, блогераў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, уключаючы медыцынскіх работнікаў. Асабліва сур'ёзнае абмежаванне права на свабоду выказвання меркаванняў напярэдадні выбараў", — заявіла Марын.

Заўвагі спецдакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі былі падтрыманы спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі, спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб становішчы праваабаронцаў, спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне, спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб праве кожнага чалавека на найвышэйшы дасягальны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя і спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў.

"За два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў мы настойліва заклікаем урад спыніць практыку падаўлення галасоў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і забяспечыць плюралістычнае асяроддзе, у якім усе людзі могуць бяспечна і свабодна ажыццяўляць сваё права на пошук і распаўсюджванне інфармацыі, свае правы на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцый", — заявіла Марын.

Спецыяльныя дакладчыкі з'яўляюцца часткай так званых спецыяльных працэдур Савета па правах чалавека. Гэта міжнародны праваабарончы орган у сістэме ААН, які замяніў Камісію па правах чалавека. Спецыяльныя працэдуры (найбуйнейшы орган незалежных экспертаў у сістэме абароны правоў чалавека ААН) — гэта агульная назва незалежных механізмаў савета для ўстанаўлення фактаў і маніторынгу.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.  

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239