Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/06/20/eu_1047634_123/
Дата раздрукоўкі: 05.12.2020 08:05
20.06.2020 18:39 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Еўрасаюз: Улады Беларусі павінны спыніць затрыманні мірных дэманстрантаў

Мінск, 20 чэрвеня. Затрыманні мірных дэманстрантаў, журналістаў і актывістаў апазіцыі ў Беларусі павінны быць спыненыя, заявіў вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.

На сваёй старонцы ў "Твітэры" ён падкрэсліў, што падобныя затрымання парушаюць права на свабоду сходаў і слова.

Барэль таксама адзначыў неабходнасць выканання правоў чалавека.

"Выбары, што маюць адбыцца, павінны быць бяспечнымі, мірнымі, свабоднымі і справядлівымі з выкананнем абавязацельстваў [Беларусі] у АБСЕ і стандартаў БДІПЧ", — напісаў ён.

У Еўрапарламенце таксама занепакоены пагаршэннем сітуацыі ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве старшыні дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю Роберта Бедраня і пастаяннага дакладчыка ЕС па Беларусі Пятраса Аўштравічуса.

"Мы занепакоеныя пагаршэннем сітуацыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і асуджаем аднаўленне арыштаў і пераследаў кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама іх прыхільнікаў, мірных дэманстрантаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці", — гаворыцца ў заяве.

У ёй выказваецца глыбокая занепакоенасць "арыштам па загадзе прэзідэнта Лукашэнкі [патэнцыйнага] кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і яго сына Эдуарда, які ўзначальвае яго ініцыятыўную групу". "Мы таксама былі ўзрушаныя ананімнымі пагрозамі ў адрас [патэнцыйнага] кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай і яе дзяцей, запалохваннем і гвалтам у дачыненні да сям`і і паплечнікаў затрыманага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, сталымі пераследамі апазіцыйных дзеячаў, у тым ліку Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца, а таксама масавымі арыштамі ўдзельнікаў мірных і легальных пікетаў па зборы подпісаў па ўсёй краіне", — гаворыцца ў заяве.

"Мы настойліва заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх адвольна затрыманых асоб, каб спыніць цяперашнюю хвалю рэпрэсій і дазволіць народу Беларусі рэалізаваць сваё права на ўдзел у дэмакратычных выбарах, — падкрэсліваецца ў заяве. — Мы хацелі б працягнуць то супрацоўніцтва, якое развівалася ў апошнія гады, у тым ліку па падтрымцы грамадзян Беларусі і ў рамках Усходняга партнёрства. Аднак беларускія ўлады не даюць нам вялікага выбару: калі нашы заклікі застануцца без увагі, гэта акажа негатыўны ўплыў на развіццё адносін паміж ЕС і Беларуссю".

19 чэрвеня — у апошні дзень збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты — у розных гарадах Беларусі прайшлі пікеты. Людзі станавіліся ў "жывыя ланцугі" ўздоўж вуліц і праспектаў у знак салідарнасці з затрыманымі актывістамі.

Па ўсёй краіне затрымлівалі ўдзельнікаў акцый, а таксама журналістаў, якія іх асвятлялі.

Паводле звестак праваабаронцаў, 19 ліпеня былі затрыманыя каля 150 чалавек. Затрыманні адбываліся ў Бабруйску, Гомелі, Віцебску, Наваполацку, Магілёве, Маладзечне, Гродне, Оршы і Слуцку. Больш за ўсё было затрымана ў Мінску — больш за сто чалавек. Некаторых вызвалілі.

Усіх затрыманых журналістаў адпусцілі ўвечары 19 чэрвеня.

На масавыя затрыманні ўдзельнікаў акцый салідарнасці адрэагавалі дыпламатычныя прадстаўніцтвы ЗША і Вялікабрытаніі.

Злучаныя Штаты заклікалі беларускі ўрад "прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязацельстваў паважаць асноўныя свабоды і дазволіць народу Беларусі свабодна і мірна збірацца, а таксама вызваліць затрыманых, уключаючы журналістаў, якія асвятляюць мірны сход людзей". Заяву размясціла амерыканскае пасольства ў Мінску на сваёй старонцы ў "Твітэры".

Пасольства Вялікабрытаніі падкрэсліла, што затрыманне мірных дэманстрантаў і журналістаў непрымальнае. "Вялікабрытанія заклікае ўрад Беларусі паважаць права на свабоду слова і сходаў, а таксама вызваліць усіх адвольна затрыманых", — гаворыцца ў заяве на старонцы брытанскага пасольства ў "Фэйсбуку".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239