Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/06/21/ru_1047646_445588/
Дата раздрукоўкі: 05.12.2020 08:36
21.06.2020 10:52 Палітыка

Віктару Бабарыку выстаўленае абвінавачанне

Мінск, 21 чэрвеня. Прэтэндэнту на пасаду прэзідэнта Беларусі былому кіраўніку "Белгазпрамбанка" Віктару Бабарыку выстаўленае абвінавачанне, паведамляе Интерфакс-Запад са спасылкай на адваката Дзмітрыя Лаеўскага.

Паводле яго слоў, абвінавачанне выстаўленае 20 чэрвеня. Аднак артыкул адвакат не назваў, тлумачачы гэта тым, што ён даў падпіску аб нераскрыванні матэрыялаў справы. Лаеўскі таксама паведаміў, што "абарона абскардзіла затрыманне Віктара Бабарыкі, але пакуль гэтая скарга не разгледжаная".

Ці выстаўленае абвінавачанне сыну Віктара Бабарыкі Эдуарду, ён не ведае.

Паводле слоў Лаеўскага, у Віктара Бабарыкі тры адваката, у Эдуарда Бабарыкі — два.

Віктар і Эдуард Бабарыкі былі затрыманыя раніцай 18 чэрвеня, калі панеслі здаваць у ЦВК частку подпісаў, сабраных за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты.

У той жа дзень старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель заявіў: "Бабарыка затрыманы ў сувязі з тым, што з'яўляўся непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, паспрабаваў уздзейнічаць на сведак, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна днямі зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў".

Паводле слоў Церцеля, дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК распачаў "шэраг крымінальных спраў" на падставе шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры), 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), 210 (крадзеж у асабліва буйным памеры), 209 (махлярства), 430 (атрыманне хабару) і 431 (даванне хабару). Па гэтых справах затрымана "прыблізна 20 чалавек, у тым ліку Бабарыка". "Практычна ўсе затрыманыя супрацоўнічаюць са следствам, даюць прызнальныя паказанні, у тым ліку пра ролю Бабарыкі як арганізатара і непасрэднага кіраўніка злачынных схем", — дадаў кіраўнік КДК, падкрэсліўшы, што распачынанне крымінальных спраў не мае дачынення да прэзідэнцкіх выбараў.

Бабарыка звязвае тое, што адбываецца, са сваёй палітычнай дзейнасцю.

20 чэрвеня ініцыятыўная група Бабарыкі падала ў Цэнтральную выбарчую камісію пакет дакументаў для яго рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. Паводле звестак штаба, за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты сабрана і верыфікавана 434 тысячы 985 подпісаў. Гэта абсалютны рэкорд для альтэрнатыўных вылучэнцаў за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Аднак у сувязі з арыштам самога прэтэндэнта і яго сына, які з'яўляецца кіраўніком ініцыятыўнай групы бацькі, у выбарчыя камісіі ўдалося падаць толькі 365 тысяч подпісаў.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239