Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/06/21/ru_1047652_447788/
Дата раздрукоўкі: 05.12.2020 09:01
21.06.2020 11:09 Грамадства, Палітыка

У розных гарадах Беларусі працягваюцца затрыманні прыхільнікаў альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта і журналістаў

Мінск, 21 чэрвеня. У Беларусі працягваюцца затрыманні прыхільнікаў альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, якія стыхійна збіраюцца на вуліцах гарадоў.

Паводле звестак праваабарончага сайта spring96.org, у Ганцавічах (Брэсцкая вобласць), дзе 20 чэрвеня прыблізна 20 чалавек выйшлі на акцыю "ланцуг салідарнасці", былі затрыманыя з выкарыстаннем грубай фізічнай сілы больш за 10 чалавек. У іх ліку карэспандэнты газеты "Ганцавіцкі час" Сяргей Багроў і Аляксандр Пазняк, якія асвятлялі падзею.

У Барысаве (Мінская вобласць) затрыманыя Дзмітрый Гардзіеўскі, Юрый Шапчыц, Барыс Хадасевіч, Іван і Святлана Самсонавы, Дзмітрый і Марына Шувалавы, Дзмітрый Маркіянчык і яшчэ адзін мужчына, прозвішча якога невядомае.

У Мінску затрыманыя Дзмітрый Сушчынскі, Уладзіслаў Таранда і Арцём Хацкевіч.

У Гродне затрымалі Яўгена Амплеева — прадстаўніка ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Святланы Ціханоўскай.

У Брэсце былі затрыманыя Дзмітрый і Пётр Сухавы.

Масавыя акцыі салідарнасці прайшлі па ўсёй Беларусі напярэдадні, 19 чэрвеня, у апошні дзень збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Людзі станавіліся ў "жывыя ланцугі" уздоўж вуліц і праспектаў. Затрыманні адбываліся ў Гомелі, Віцебску, Наваполацку і Оршы (Віцебская вобласць), Магілёве, Бабруйску (Магілёўская вобласць), Маладзечне і Слуцку (Мінская вобласць), Гродне. Больш за ўсё людзей было затрымана ў Мінску — 80. Увогуле, згодна са звесткамі праваабаронцаў, было затрымана прыкладна 120 чалавек.

На масавыя затрыманні ўдзельнікаў мірных вулічных акцый адрэагавалі дыпламатычныя прадстаўніцтвы ЗША і Вялікабрытаніі.

БелаПАН. 

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239