Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/06/22/ru_1047712_578451/
Дата раздрукоўкі: 05.12.2020 07:48
22.06.2020 11:13 Палітыка, Грамадства

Праваабаронцы: Выбарчая кампанія праходзіць у сітуацыі бесперапынных рэпрэсій

Мінск, 22 чэрвеня. Выбарчая прэзідэнцкая кампанія праходзіць у сітуацыі бесперапынных рэпрэсій у дачыненні да грамадзян, гаворыцца ў штотыднёвай аналітычнай справаздачы "Праваабаронцаў за свабодныя выбары" паводле вынікаў назірання 15—21 чэрвеня.

Справаздача апублікаваная на сайце spring96.org.

"Выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць на фоне рэзкага пагаршэння агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, у сітуацыі бесперапынных рэпрэсій у дачыненні да грамадзян, у тым ліку непасрэдных удзельнікаў выбарчага працэсу, што падтрымлівае атмасферу страху ў грамадстве", — адзначаюць праваабаронцы.

Яны нагадваюць, што 18 чэрвеня супрацоўнікамі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю быў затрыманы патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты, "адзін з найбольш прыкметных удзельнікаў выбарчай кампаніі", Віктар Бабарыка і кіраўнік яго ініцыятыўнай групы, яго сын Эдуард Бабарыка. Генпракуратура распачала справу на падставе частак 2 і 3 артыкула 285 Крымінальнага кодэкса (стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй). Абодва ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ.

Раней былі затрыманыя члены ініцыятыўнай групы Святлана Купрэева і Уладзімір Дудараў. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Віктара Бабарыку і затрыманых членаў яго ініцыятыўнай групы палітвязнямі і запатрабавала іх неадкладнага вызвалення.

У дакуменце таксама адзначаецца, што 16 чэрвеня стала вядома аб распачынанні ў дачыненні да кіраўніка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай блогера Сяргея Ціханоўскага яшчэ адной крымінальнай справы — паводле артыкула 191 (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме, альбо рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянам, альбо працы Цэнтральнай выбарчай камісіі). Вядома, што справа распачатая на падставе асабістай заявы старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, звяртаюць увагу праваабаронцы.

Назіральнікі кампаніі працягваюць паведамляць аб выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі: збор подпісаў пры непасрэдным удзеле адміністрацыі арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў на іх тэрыторыі, у тым ліку ў працоўны час, гаворыцца ў справаздачы.

"Пры правядзенні вулічных пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдата Лукашэнкі іх арганізатары не абмяжоўваліся выключна зборам подпісаў, але і абмяркоўвалі іншыя пытанні, якія закранаюць інтарэсы грамадзян, — адзначаюць праваабаронцы. — Пры гэтым ніякіх заўваг з боку праваахоўных органаў і выбарчых камісій да іх не было, што сведчыць аб селектыўных падыходах да вулічных пікетаў па зборы подпісаў па вылучэнні тых ці іншых кандыдатаў".

Тым часам прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" працягваюць атрымліваць ад тэрытарыяльных выбарчых камісій адмовы ў праве назіраць за працэдурамі праверкі подпісаў, адзначаецца ў справаздачы.

"Аналізуючы сітуацыю, якая склалася ў краіне, і ўмовы правядзення выбараў у цэлым, эксперты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" лічаць, што створаныя ўмовы правядзення цяперашняй выбарчай кампаніі несумяшчальныя з міжнароднымі стандартамі свабодных і дэмакратычных выбараў, заснаваных на роўнай канкурэнтнай палітычнай барацьбе", — рэзюмуюць аўтары справаздачы.

Кампанію "Праваабаронцы за свабодныя выбары" праводзяць закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна" і РГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239