Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/07/01/ru_1048823_1048824/
Дата раздрукоўкі: 18.05.2021 16:21
01.07.2020 11:34 Палітыка, Грамадства

Ярмошына пра подпісы Чэрачня: Некаторыя прэтэндэнты не кантралююць свае ініцыятыўныя групы

Мінск, 1 ліпеня. "Гэта яшчэ адзін доказ таго, што ў нас некаторыя прэтэндэнты наогул не кантралююць дзейнасць сваіх ініцыятыўных груп", — заявіла БелаПАН кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў адказ на просьбу пракаментаваць сітуацыю з колькасцю подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Сяргея Чэрачня.

Пасля заканчэння збору подпісаў Чэрачэнь паведаміў, што яго ініцыятыўная група сабрала 106,5 тыс. подпісаў, аднак, паводле дадзеных ЦВК, за Чэрачня прызнаныя сапраўднымі 143.109 подпісаў.

"У Цэнтральнай камісіі ёсць толькі звесткі, якія ёй паведамляюць ніжэйшыя камісіі. А ніжэйшыя камісіі гэтыя звесткі бяруць з падлікаў подпісаў, якія паступілі, — сказала Ярмошына. — Прыпісаць нешта кіраўніку, скажам так, апазіцыйнай партыі — гэта такая поўная недарэчнасць, нават няма чаго тут каментаваць. Мы маем толькі тое, што прадстаўлена нам знізу, а нізавыя камісіі маюць тое, што яны сабралі ў каардынатараў".

Ярмошына выказала меркаванне, што нехта з каардынатараў ініцыятыўнай групы здаў подпісы і не праінфармаваў Чэрачня пра гэта. "Думаю, што тут праблемы са справаздачнасцю ўнутры групы самага Чэрачня", — сказала яна.

На пытанне, ці такая ж сітуацыя з Ганнай Канапацкай, якая раней заявіла журналістам, што здала 110 тыс. подпісаў, а ў выніковай справаздачнасці ЦВК названа 146.588 сапраўдных подпісаў, Ярмошына адказала: "Уласна кажучы, калі ўсё на ўзроўні самадзейнасці, калі ў групе тысяча чалавек і яны працуюць за бясплатна, то, натуральна, заўсёды могуць быць праблемы з перадачай інфармацыі і справаздачнасцю".

Ярмошына не змагла патлумачыць, чаму адбыўся такі вялікі адсеў подпісаў у Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы.

Штаб Бабарыкі паведамляў пра збор амаль 435 тыс. подпісаў і здачу 365 тыс. Прызнаныя сапраўднымі 165.744 подпісы.

Штаб Цапкалы заяўляў аб здачы 160 тыс. подпісаў пры сабраных 212 тыс. Сапраўднымі прызнана 75.249 подпісаў, тады як для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты неабходна мець 100 тыс. сапраўдных подпісаў.

"Нічога не магу сказаць, — заявіла Ярмошына. — Нашы абласныя выбарчыя камісіі, Мінская гарадская камісія падвядуць вынікі і потым зробяць даклад падчас пасяджэння ЦВК пры рэгістрацыі кандыдатаў".

Паводле яе слоў, пасяджэнне плануецца на 14 ліпеня. "Акрамя подпісаў ЦВК занятая цяпер праверкай асабістых дадзеных, якія прадставілі нам прэтэндэнты", — патлумачыла Ярмошына.

Старшыня партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада" (БСДГ) Сяргей Чэрачэнь сёння раніцай паведаміў БелаПАН, што афіцыйная заява яго каманды наконт подпісаў, пададзеных у выбаркамы для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, напярэдадні "была растыражаваная ў інфармацыйных стужках са скажэннем".

"Мы не заяўлялі, што лічба, агучаная пасля праверкі ЦВК, з'яўляецца несапраўднай, — адзначыў палітык. — Я гарантаваў тое, што колькасць подпісаў, якая прайшла праз штаб, была пераправераная і перададзеная ў ЦВК, склала 106.500, і гэтага было дастаткова для рэгістрацыі. Подпісы, якія не прайшлі праверку, не ўлічваліся ў нашым разліку".

Чэрачэнь сцвярджае, што было яшчэ "шмат подпісаў", якія здаваліся без такой дбайнай праверкі. Дакладную колькасць усіх пададзеных подпісаў лідар БСДГ назваць не змог. "У мяне гэтай статыстыкі не было. Мы сабралі статыстыку на 106.500, яе вычыталі, падалі гэтую інфармацыю, усё астатняе было ў аўрале, і нам было абсалютна не прынцыпова, колькі было звыш пададзена", — адзначыў ён.

На пытанне, ці пацвярджае ён, што статыстыка на сайце ЦВК дакладная, Чэрачэнь адказаў: "Я магу сказаць, што я не магу яе ні пацвердзіць, ні абвергнуць, таму што ў мяне няма канчатковых лічбаў".

Раней прэс-сакратар Чэрачня Алег Чумакоў перадаў БелаПАН афіцыйную заяву штаба, у якой было адзначана, што "143.109 подпісаў, якія засталіся пасля праверкі ЦВК, для рэгістрацыі дастаткова". Аднак на пытанне, колькі ўсяго было пададзена подпісаў за вылучэнне палітыка кандыдатам у прэзідэнты, ён адказаў — 106,5 тыс. На пытанне, як выйшла, што пры 106,5 тыс. здадзеных у выбаркамы подпісаў Цэнтрвыбаркам прызнаў дакладнымі больш за 143 тыс., Чумакоў адказаў: "Гэта не да нас ужо пытанне".

На ўдакладняльнае пытанне, ці плануе каманда Чэрачня звярнуць увагу ЦВК на неадпаведнасць у дадзеных, Чумакоў задаў сустрэчнае пытанне: "Калі ЦВК звяртала ўвагу на рэакцыю ўдзельнікаў працэсу?"

Прэс-сакратар Канапацкай Таццяна Палякова заявіла БелаПАН, што лічбы ЦВК не завышаныя. Паводле яе слоў, Канапацкая, заявіўшы пра 110 тыс., мела на ўвазе колькасць подпісаў, якія яна сама здала ў тэрытарыяльныя камісіі сталіцы. "Але ў яе ж яшчэ і каардынатары па ўсіх абласцях, яны ж самі падвозілі. Плюс яшчэ па Мінску падвозілі таксама. То бок Ганна аднесла не ўсе подпісы ў сукупнасці, а сваю частку павезла", — патлумачыла прэс-сакратар палітыка. Дакладную колькасць подпісаў за вылучэнне Канапацкай, пададзеных у выбаркамы па ўсёй краіне, яна назваць не змагла.

Таццяна Каравянкова, Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239