Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/07/01/ru_1048940_123/
Дата раздрукоўкі: 18.05.2021 17:03
01.07.2020 19:28 Палітыка, Грамадства

Генпракуратура: Законнасць затрымання Бабарыкі правераная і пацверджаная судом

Мінск, 1 ліпеня. Законнасць затрымання Віктара Бабарыкі правераная пракуратурай і пацвярджаецца пастановай суда, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

"У Генеральную пракуратуру паступілі шматлікія электронныя звароты грамадзян з нагоды дзеянняў праваахоўных органаў у дачыненні да Бабарыкі В.Д., які з`яўляецца ўдзельнікам крымінальнага працэсу, — гаворыцца ў паведамленні. — Інфармуем, што законнасць яго затрымання правераная пракуратурай, а таксама пацверджаная пастановай суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 24 чэрвеня 2020 года".

Як адзначае Генпракуратура, згодна з арт. 138 КПК Рэспублікі Беларусь, дзеянні і рашэнні органа, які вядзе крымінальны працэс, могуць быць абскарджаныя як удзельнікамі крымінальнага працэсу, так і іншымі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, калі працэсуальныя дзеянні і рашэнні закранаюць іх інтарэсы.

Пры гэтым накіраванне заяў пры дапамозе электроннай пошты крымінальна-працэсуальным законам не прадугледжанае — хадайніцтва і скаргі падаюцца ў вуснай ці пісьмовай форме.

"Паведамляем тым, хто звярнуўся ў Генеральную пракуратуру па згаданай тэме, што абскарджанне дзеянняў і рашэнняў асобамі, якім не нададзенае адпаведнае права, цягне за сабой пакіданне зваротаў без разгляду па сутнасці", — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта экс-старшыня праўлення "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка, а таксама яго сын і кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка былі затрыманыя 18 чэрвеня.

У дзень затрымання экс-кіраўніка "Белгазпрамбанка" старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель заявіў: Бабарыка "затрыманы ў сувязі з тым, што з`яўляўся непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, паспрабаваў уздзейнічаць на сведкаў, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна на днях зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў". Паводле слоў старшыні КДК, у межах расследавання распачатыя справы па шасці артыкулах КК.

За некалькі дзён да гэтага ў "Белгазпрамбанку" і шэрагу іншых камерцыйных кампаній прайшлі вобшукі. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праверка дзейнасці банка праводзіцца па яго даручэнні, пры гэтым сцвярджаў, што ніякай палітычнай падаплёкі ў справе няма.

Віктар Бабарыка звязаў тое, што адбываецца, са сваёй палітычнай дзейнасцю. "Маштабнасць гэтай акцыі беспрэцэдэнтная. Яна праводзіцца ў межах перадвыбарнай кампаніі, і, з майго пункта гледжання, відавочна, што яна носіць палітычны характар", — сказаў ён 16 чэрвеня ў інтэрв`ю тэлеканалу "Белсат".

Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Вядома, што ім выстаўленыя абвінавачванні, але называць канкрэтныя артыкулы КК адвакатам забаранілі.

30 чэрвеня ЦВК прызнала сапраўднымі 165.744 подпісы выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты.

У той жа дзень суд Цэнтральнага раёна Мінска разгледзеў і адхіліў скаргу Віктара Бабарыкі на ўзяцце пад варту. Паводле слоў адваката Дзмітрыя Лаеўскага, пасяджэнне прайшло пры адсутнасці яго падабароннага. З прычыны падпіскі пра неразгалошванне адвакат не змог сказаць, як прайшоў суд і чым кіраваўся суддзя, адхіляючы скаргу. Лаеўскі паведаміў, што на мінулым тыдні падаў скаргу на меру стрымання ад свайго імя. У суд, паводле яго слоў, яна пакуль не паступіла.

1 ліпеня Віктар Бабарыка накіраваў скаргу ў Мінскі гарадскі суд на пастанову раённага суда, які адмовіўся задаволіць яго скаргу на ўзяцце пад варту.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239